Француза асудзілі да 30 гадоў за забойства жонкі. Ні цела не знайшлі, не было сведак, як і не было прамых улік
Суд у Францыі прызнаў 38‑гадовага Седрыка Жубіляра вінаватым у забойстве сваёй жонкі. Мужчыну, які на працягу ўсяго працэсу настойваў на сваёй невінаватасці, прыгаварылі да 30 гадоў турмы.
Скрыншот відэа
Гэтая справа адметная тым, што ў ёй няма ні цела, ні сведак, а ўсе доказы супраць Жубіляра — ускосныя, піша Бі-бі-сі.
«Мы паважаем рашэнне прысяжных, — сказаў адвакат абароны Аляксандр Марцін. — Канечне, мы расчараваныя, але мы ведалі, што нас чакае яшчэ адна бітва, і мы будзем працаваць над апеляцыяй».
Абарона Жубіляра настойвала, што паколькі цела яго жонкі так і не знайшлі, то няма доказаў таго, што было здзейснена злачынства.
Седрык Жубіляр звярнуўся ў паліцыю з нагоды знікнення сваёй жонкі Дэльфін раніцай 16 снежня 2020 года. Пара, у якой двое дзяцей ва ўзросце шасці і паўтара гадоў (на той момант), жыла ў Каньяк-ле-Мін, у паўднёва-заходнім рэгіёне Аксітанія.
Маштабныя пошукі не прывялі ні да якіх вынікаў: цела Дэльфін так і не знайшлі.
Пры гэтым абвінавачванне сабрала дастаткова ўскосных доказаў, каб пераканаць суд прысяжных у вінаватасці мужчыны.
Так, пракуроры расказалі, што вечарам перад сваім знікненнем Дэльфін упершыню сказала свайму мужу, што ў яе з'явіўся палюбоўнік. У выніку яны пасварыліся (крыкі жанчыны чулі суседзі) і Седрык, мяркуе абвінавачванне, задушыў сваю жонку.
Адным з галоўных доказаў супраць Седрыка Жубіляра стаў той факт, што машына Дэльфін была прыпаркавана каля іх дома не так, як яна звычайна пакідала яе: гэта, мяркуе следства, паказвае на тое, што мужчына карыстаўся машынай той самай ноччу.
Іншыя доказы — таксама ўскосныя: зламаныя акуляры Дэльфін у гасцінай; адсутнасць даных аб пройдзеных кроках у тэлефоне Седрыка (ён сцвярджаў, што выходзіў з дому шукаць сваю жонку); заява іх сына Луі (яму ў 2020 годзе было шэсць гадоў), што ён чуў спрэчку бацькоў «паміж канапай і ёлкай».
Жубіляр быў адпраўлены на псіхалагічнае абследаванне, якое паказала, што ў яго было цяжкае дзяцінства, у дарослым узросце ён кожны дзень курыў марыхуану і не мог доўга ўтрымацца на працы. Ён не праяўляў асаблівай занепакоенасці з нагоды знікнення сваёй жонкі і неўзабаве пасля яе прапажы зняў грошы з рахунку Дэльфін.
Яго маці дала паказанні, паводле якіх, калі Дэльфін упершыню папрасіла яго аб разводзе, Седрык сказаў: «З мяне хопіць. Я заб'ю яе і закапаю яе, і ніхто не знойдзе яе цела».
Адвакат Жубіляра Эмануэль Франк заявіла, што гэта ўсяго толькі спекуляцыі. «У судах не асуджаюць дрэнных людзей. Яны асуджаюць вінаватых», — сказала яна.
Абарона настойвае, што для ўсіх ускосных доказаў можна знайсці іншыя тлумачэнні. Па словах адвакатаў Жубіляра, следчыя натрэніравалі сведак, каб іх паказанні пацвярджалі версію аб вінаватасці мужчыны.
Гаварылі адвакаты і аб тым, што ў выпадку злачынства на глебе страсці — забойства жонкі з рэўнасці — былі б альбо відавочныя сляды (такія як кроў), альбо прыкметы стараннай уборкі. Ні таго, ні другога ў доме Жубіляраў не было.
Адвакаты мяркуюць, што паводзіны і звычкі Седрыка не маюць дачынення да справы.
«Альбо ён — крымінальны геній, альбо злёгку ідыёт — вам вырашаць», — сказала Эмануэль Франк.
Абарона не дала альтэрнатыўнага тлумачэння знікненню Дэльфін Жубіляр.