БЕЛ Ł РУС

У цягнік першага класа ў Германіі хтосьці падкінуў трох курэй. За інфармацыю абяцаюць 500 еўра

18.10.2025 / 11:48

Nashaniva.com

На гэтым тыдні птушкі трапілі ў першы клас Deutsche Bahn — і ў навіны. Але пакуль ні сведкаў, ні падазраваных.

Інстаграм-акаўнт Deusche Bahn

Невядомыя пакінулі трох курэй у першым класе электрычкі S6, што накіроўвалася з Эсэна ў Кёльн. І пасцялілі ім на падлогу салому. Трох «безбілетніц» заўважылі толькі на канцавой станцыі — машыніст выклікаў пажарных і паліцыю, паведамляе тэлеграм-канал «Што там у немцаў?»

Занепакоіліся і абаронцы жывёл: «Куры — гэта адчувальныя істоты, а не рэквізіт для сумніўных акцый. Яны не павінны аказвацца ў вагонах цягнікоў, а павінны знаходзіцца ў бяспечным, адпаведным іх віду асяроддзі», — кажа Ліза Рэдэгельд з зоаабарончай арганізацыі Peta.

Там абвясцілі, што заплацяць 500 еўра за інфармацыю пра тое, хто пасадзіў курэй у цягнік. Вінаватыя, паводле закона аб абароне жывёл, могуць атрымаць штраф або нават пазбаўленне волі тэрмінам да трох гадоў.

Паліцыя займаецца прыкладна тым самым: яна ўжо аналізуе запісы з камер назірання Deutsche Bahn. З-за гэтай акцыі цягнік давялося зняць з маршруту, а потым старанна прыбіраць і дэзынфікаваць. У выніку ён не хадзіў раніцай у гадзіну пік.

Таму расследуецца справа аб дробным правапарушэнні — «забруджванні аб’ектаў чыгуначнай інфраструктуры». Пакуль што няма ні падазраваных, ні сведак. Трох курэй тым часам змясцілі ў прытулку ў Кёльне і падбіраюць ім імёны.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Deutsche Bahn (@deutschebahn)

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула