БЕЛ Ł РУС

Былы дырэктар Ліцэя БДУ расказаў, як Коля Лукашэнка нечакана яму дапамог

19.10.2025 / 11:58

Nashaniva.com

У новым выпуску ТОКу Ігар Варакса, які ў 2019‑-2021 гадах быў дырэктарам Ліцэя БДУ, расказаў, як факт паступлення малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі дазволіў вырашыць адну праблему.

«Не самая прыемная справа ў дырэктарскай рабоце — займацца ўступнай кампаніяй», — заўважае Ігар Варакса і тлумачыць, што акрамя вялікага аб'ёму працы, звязанага з падрыхтоўкай уступных іспытаў і праверкай вынікаў, дырэктар знаходзіцца пад ціскам розных просьбітаў. Аб такой практыцы, па словах Вараксы, яго папярэджваў былы дырэктар Ліцэя Генадзь Пальчык.

«І сапраўды пайшлі. Было так дзіўна. Розныя людзі», — заўважае Варакса. «Я не ведаю, што было дагэтуль. (…) Але ў 2020 годзе тое, што мне моцна дапамагло, — што акурат Мікалай Лукашэнка захацеў паступаць у Ліцэй».

На пытанне, чым канкрэтна гэта дапамагло, былы дырэктар Ліцэя БДУ адказаў:

«Была такая думка, раз ён падаў дакументы, мы, напэўна, будзем самі яго неяк прасоўваць. Карацей, да мяне ніхто не звяртаўся з Адміністрацыі [Лукашэнкі]. Ніхто.

А калі хтосьці прыходзіў і пачынаў: «Ну, вось тут трэба, можа, дапамагчы…» — я кажу: «Ведаеце, Мікалай Лукашэнка паступае ў Ліцэй БДУ ў гэтым годзе. Вы, напэўна, чулі. Дык вось, за яго ніхто не просіць. А вы хочаце, каб за ваша дзіця мы штосьці рабілі? Калі сын прэзідэнта паступае сам, а вы хочаце, каб вашаму дапамаглі?»

Гэта была проста бомба. Усе: «Ну, окей». І ўсё, пайшоў».

@tokbelarus Як Коля Лукашэнка дапамог дырэктару Ліцэя БДУ — У новым выпуску ТОК пра гэта расказвае Ігар Варакса #беларусь #минсксейчас #лицейбгу #бгу #колялукашенко ♬ stellar (Slowed + Reverb) - .diedlonely & énouement

Па словах Вараксы, такіх прасіцеляў, якія звярталіся непасрэдна да яго, было 5‑10 чалавек. І на ўсіх дзейнічала яго дзяжурная фраза пра Колю Лукашэнку.

«Гэта была выдатная рэч. Я вельмі ўдзячны Мікалаю, што ён у тым годзе паступаў».

Нагадаем, што ў чэрвені 2020 года стала вядома, што Коля Лукашэнка паступіў у Ліцэй БДУ. Ён абраў біялагічны профіль, конкурс на які складаў 6,5 чалавека на месца. Аднак пасля пратэстаў лета 2020‑га яго дакументы забралі, ён пайшоў у 10‑ты клас прыватнай школы, заснавальніцай якой з'яўлялася яго маці — Ірына Абельская. 

Чытайце таксама:

Для тых, хто паступае ў Ліцэй БДУ, уводзяць папярэднюю рэгістрацыю на сайце

У інтэрнэт трапілі звесткі супрацоўнікаў Ліцэя БДУ

У Ліцэі БДУ адкрылі адразу дзве памятныя дошкі з узгадваннем Лукашэнкі

Каментары да артыкула