Былы дыпламат і былы дэпутат Савіных пайшоў у бізнэс
Пасля таго, як Андрэй Савіных вызваліў дэпутацкае крэсла, ён усплыў у Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча — стаў там намеснікам старшыні. Але гэта не адзіная яго дзейнасць.
Андрэй Савіных. Скрыншот перадачы СТБ
Савіных пайшоў у бізнэс. У кулінарнай перадачы на СТБ ён расказаў, што працуе ў вытворчай кампаніі (назву не агучыў).
«Яна была створана для вытворчасці складанага тэхнічнага абсталявання з нержавеючай сталі», — акрэсліў Савіных, гатуючы рэбры на грылі з гароднінай.
Цяпер гэта кампанія хоча асвоіць новыя віды абсталявання, найперш для перапрацоўкі малака, бо пакуль большасць такога абсталявання закупляецца з-за мяжы.
Савіных зрабіў кар’еру ў МЗС, быў паслом у Турцыі і Іраку. Чатыры гады працаваў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў: там ён узначальваў камісію па міжнародных справах і ў гэтым статусе трапляў у няёмкія сітуацыі на сесіях АБСЕ, раптоўна сустракаючыся з прадстаўнікамі беларускіх дэмсілаў. Але на новы тэрмін у парламент Савіных не перапрызначылі.
Дачка Савіных жыве і працуе ў Лондане.