На фронце загінуў сын экс-кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Уса. Іван ваяваў за Расію
Іван Ус некалі ўзначальваў рух «Антымайдан Мінск», у 2020‑м адседзеў на сутках за ўдзел у пратэстах супраць Аляксандра Лукашэнкі, а ў 2025‑м паехаў ваяваць за Расію. На фронце ён пратрымаўся вобмаль часу.
Іван Ус. Архіўнае фота
«Нашай Ніве» стала вядома пра гібель на фронце 28‑гадовага беларуса Івана Уса. Ён пайшоў ваяваць за Расію ва Украіне у пачатку 2025 года.
Гэта сын Дзмітрыя Уса — выпадковага і ў чымсьці нават трагікамічнага кандыдата ў прэзідэнты — 2010, які тым не менш за ўдзел у выбарах трапіў у калонію.
Іван Ус у сярэдзіне 2010‑х быў адміністратарам прарасійскай суполкі «Антымайдан Мінск» у сацыяльнай сетцы «УКантакце».
У 2020‑м Ус-малодшы далучыўся да пратэстаў супраць Аляксандра Лукашэнкі і нават трапіў на 15 сутак за ўдзел у маршы 16 жніўня.
17 студзеня 2025 года Іван Ус падпісаў кантракт з расійскай арміяй. Тады і пайшоў адлік яго апошніх дзён. Нам дакладна невядомая дата смерці сына кандыдата ў прэзідэнты, але ён загінуў прыкладна ў канцы зімы ці самым пачатку вясны.
Дзмітрый Ус. Архіўнае фота
Дзмітрый Ус — бізнэсмен, уласнік картаграфічнага бізнэсу. Там, дарэчы, працаваў і яго сын.
На прэзідэнцкіх выбарах — 2010 Ус вырашыў дапамагчы сабраць подпісы Міколу Статкевічу, але заадно збіраў подпісы і за сябе. Іх колькасць была відавочна мізэрнай, але ў тую кампанію Аляксандр Лукашэнка вырашыў зарэгістраваць кандыдатамі ўсіх ахвотных. Так у бюлетэні патрапіў і Ус, які нават не мог весці паўнавартасную агітацыйную кампанію — праз наступствы інсульту ён ледзь размаўляў.
Лідзія Ярмошына заявіла, што на выбарах за яго прагаласавалі 25 тысяч чалавек (менш за 0,4%).
Аднак гэта не ўратавала Уса ад паслявыбарчых рэпрэсій. Яго арыштавалі, на нейкі час адпусцілі дадому, але ўрэшце ўсё адно прысудзілі пяць з паловай гадоў зняволення. Экс-кандыдата ўтрымлівалі ў шклоўскай калоніі. Праз пяць месяцаў Ус выйшаў на свабоду па памілаванні.