Трамп запярэчыў, што прымушаў Зяленскага аддаць Расіі ўвесь Данбас
Сустрэча ў пятніцу паміж Дональдам Трампам і Уладзімірам Зяленскім у Белым доме прайшла ў напружанай атмасферы.
Уладзімір Зяленскі, Андрэй Ярмак (злева) і Рустэм Умераў падчас размовы ў Белым доме ў пятніцу. Фота: з тэлеграм-канала прэзідэнта Украіны
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвергнуў, што прымушаў украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага пагадзіцца на перадачу Расіі ўсяго Данбаса.
Сустрэча ў пятніцу паміж Дональдам Трампам і Уладзімірам Зяленскім у Белым доме прайшла ў напружанай атмасферы, піша Reuters.
Па словах суразмоўцаў агенцтва, абмеркаванне завяршылася пазіцыяй Трампа наконт «пагаднення там, дзе мы знаходзімся» — гэта значыць замарожванне канфлікту па цяперашніх лініях размежавання.
«Мы лічым, што яны павінны проста спыніцца на лініях, дзе яны знаходзяцца», — сказаў Трамп журналістам на борце Air Force One у нядзелю. У той жа час ён абверг, што прапаноўваў Зяленскаму аддаць Расіі ўвесь Данбас.
«Няхай ён будзе падзелены так, як ёсць. Ён падзелены цяпер. Я лічу, што 78% зямлі ўжо захоплена Расіяй»,— адзначыў амерыканскі прэзідэнт у адказ на пытанне карэспандэнта Reuters.
Трамп дадаў, што бакі могуць дамовіцца пра нешта пазней, намякаючы на магчымасць будучых перамоваў.
Паводле інфармацыі крыніц агенцтва, сустрэча стала расчараваннем для ўкраінскага боку.
Зяленскі спадзяваўся пераканаць амерыканскага лідара перадаць Кіеву крылатыя ракеты «Тамагаўк», здольныя паражаць цэлі ў глыбіні расійскай тэрыторыі. Аднак, як паведаміў у нядзелю віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, Трамп яшчэ не прыняў канчатковага рашэння па гэтым пытанні.
Паводле некалькіх крыніц, размова была далёкай ад дыпламатыі.
«Гэта было даволі дрэнна», — сказала адна з крыніц, сцвярджаючы, што пасыл Трампа зводзіўся да таго, што «ваша краіна замерзне, і ваша краіна будзе знішчана», калі Украіна не падпіша пагадненне з Расіяй.
Іншая крыніца абвергла выкарыстанне слова знішчана, але абедзве пацвердзілі, што Трамп некалькі разоў ужываў нецэнзурную лексіку.
У суразмоўцаў склалася ўражанне, што на пазіцыю Трампа моцна паўплывала яго размова з Уладзімірам Пуціным, якая адбылася напярэдадні.
Паводле Financial Times, падчас гэтай размовы Пуцін прапанаваў тэрытарыяльны абмен: Украіна адмаўляецца ад Данецкай і Луганскай абласцей у абмен на невялікія часткі Запарожскай і Херсонскай абласцей. Адна з крыніц выдання сцвярджае, што Трамп сказаў Зяленскаму, што Пуцін пагражаў «знішчыць» Украіну, калі яна не пагодзіцца.
Адмова ад гэтай тэрыторыі, паводле аднаго з крыніц Reuters, зробіць астатнюю частку Украіны значна ўразлівай да далейшых расійскіх нападаў і будзе раўнаважная «самагубству».
Сярод амерыканскіх чыноўнікаў найбольш агрэсіўна пераконваў украінскі бок пагадзіцца на расійскую прапанову спецпасланец Трампа Стыў Уіткаф. Ён апеляваў да таго, што ў Данецкай і Луганскай абласцях пражывае значная частка рускамоўнага насельніцтва, дадае «Украінская праўда».
Чытайце таксама:
Пуцін у размове з Трампам запатрабаваў поўнай здачы Данецкай вобласці ў абмен на перамір’е
Мерц: Візіт у ЗША прайшоў не так, як спадзяваўся Зяленскі
Трамп сказаў Зяленскаму, што пакуль не мае намеру пастаўляць Кіеву ракеты «Тамагаўк»