Памёр журналіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч
Яму было 70 гадоў.
Валерый Міхайлавіч Каранкевіч нарадзіўся ў 1955 годзе. Усё яго жыццё было цесна звязана з Хоцімшчынай. Тут ён узначальваў буйное сельскагаспадарчае прадпрыемства, быў першым намеснікам старшыні райвыканкама, паведамляе БАЖ.
З прыходам да ўлады так званых «моцных гаспадарнікаў» Каранкевіч палічыў немагчымым працягваць працу чыноўнікам.
Ён далучыўся да Партыі БНФ і пачаў актыўна займацца палітычнай дзейнасцю.
У Хоцімску ў яго была своеасаблівая грамадская прыёмная — людзі ішлі да Валерыя Міхайлавіча з надзеяй на дапамогу там, дзе мясцовая ўлада аказвалася бяссільнай.
Ён неаднаразова ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях у якасці кандыдата ад БНФ.
Каранкевіч цесна супрацоўнічаў з магілёўскім рэгіянальным парталам 6tv.by.
Абставіны смерці Валерыя Каранкевіча пакуль невядомыя. Вядома, што трагедыя здарылася ўчора ў першай палове дня, цела Валерыя Міхайлавіча знайшлі ў яго дома. Ёсць падставы меркаваць, што апошнія гады пераслед з боку спецслужбаў аказаў уплыў на яго стан здароўя.