Як лідар АГП Мікалай Казлоў выглядаў пасля калоніі ФОТАФАКТ
Старшыня АГП моцна схуднеў у зняволенні — ён страціў каля 30 кілаграмаў.
Так Мікалай Казлоў выглядаў у ліпені 2024 года пасля вызвалення. Фота: асабісты архіў / «Люстэрка»
Пасля выбараў-2020 Мікалай Казлоў быў двойчы асуджаны. У жніўні 2021‑га — на тры месяцы арышту за раскрыццё даных следства па справе Каардынацыйнай рады. Пасля яго зноў затрымалі і асудзілі да 2,5 года калоніі па артыкуле 342 за ўдзел у пратэстах. Пакуль Казлоў быў у калоніі, у яго памерла маці — палітык даведаўся пра гэта толькі пасля яе пахавання. За час зняволення ён 11 месяцаў правёў у ШІЗА і ПКТ.
Мікалай Казлоў у 2020-м. Фота: «Наша Ніва»
На волю Казлоў выйшаў у ліпені 2024 года. І праз год з'ехаў з Беларусі. Цяпер ён у Брусэлі.
«Паўсюль прысутнічае страх», — так ён апісаў, што адчуваюць усе былыя палітзняволеныя.
На прэс-канферэнцыі Казлоў падзяліўся, што апошнім часам у Беларусі не карыстаўся мабільным тэлефонам.
«Дайшло да таго, што я адмовіўся ад мабільнага тэлефона. У мяне не было яго наогул, каб не падстаўляць іншых людзей».
Ён таксама адзначыў, што, пакуль сядзеў у калоніі, з прапановай пісаць прашэнне на памілаванне да яго ні разу не падыходзілі.
У інтэрв'ю «Люстэрку» ён падрабязней расказаў, чаму пакінуў Беларусь толькі зараз.
«Так, я там прабыў больш за год, атрымліваецца. Па‑першае, былі хатнія справы — пакуль сядзеў, у мяне мая мама памерла. А па‑другое, і гэта самае галоўнае, — не хацеў з’язджаць. Я хацеў жыць у Беларусі. Нялёгка далося рашэнне, што трэба з’язджаць. Па палітычных артыкулах я ўжо асуджаны двойчы. Пасля першага свайго зняволення прыняў прынцыповае рашэнне заставацца дома. Таму што, будучы старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі, я не мог з’язджаць раней, чым мае калегі, аднадумцы. Мне здаецца, кіраўнік павінен з’язджаць апошнім, калі ўсе ўжо ў бяспецы. Таму я застаўся і трапіў у турму ў другі раз», — расказаў ён.
Палітык кажа, што гэты год на волі быў вельмі цяжкім, уладкавацца на працу было цяжка.
«Атрымлівалася дрэнна, я вам скажу. Ніхто не хоча рызыкаваць ні сваім бізнэсам, ні сваёй пасадай.
Адзін з маіх знаёмых, чалавек высокай кваліфікацыі, пасля доўгіх‑доўгіх пошукаў змог уладкавацца толькі грузчыкам у краму. І то толькі таму, што там была вялікая патрэба ў такіх супрацоўніках.
Інакш яго і не ўзялі б. Ні на адным прадпрыемстве не бяруць, таму што ў адміністрацыі любога з іх ёсць ідэолагі, былыя супрацоўнікі КДБ, МУС, якія правяраюць на палітычную лаяльнасць. І будзь ты хоць сямі пядзей у лбе — з палітычнымі артыкуламі ўладкавацца практычна немагчыма».
«Скажу для тых людзей, якія кажуць, што «мы б хацелі застацца ў Беларусі»: па маіх адчуваннях, розніца паміж турмой і жыццём на волі не вельмі вялікая, асабліва для былых палітвязняў. Ты пастаянна павінен хадзіць адзначацца, цябе пастаянна правяраюць.
Ты ўвесь час знаходзішся пад свайго роду каўпаком — я бачыў, што за мной назіралі. Штосьці зрабіць або сказаць ты не можаш. Там паўсюдна пануе атмасфера страху. Рэпрэсіі не спыняюцца. Людзі баяцца нават гаварыць на многія тэмы. Гэта не тая Беларусь, якая была да 2020 года. Зусім не тая», — дадаў ён.
Мікалай Казлоў адразу пасля вызвалення ў ліпені 2024 года. Фота: асабісты архіў
Так Мікалай Казлоў выглядае цяпер, праз год пасля вызвалення. Фота: асабісты архіў