БЕЛ Ł РУС

Школьнік аддаў махлярам 200 тысяч рублёў

21.10.2025 / 11:56

Nashaniva.com

Бацька з маці адкладвалі іх на рамонт дома.

Гісторыя падману пачалася 9 кастрычніка. Са школьнікам у Telegram звязалася нейкая дзяўчына. Яна расказала, што ўбачыла яго анкету ў сэрвісе знаёмстваў у сацсетцы.

Размаўляючы з хлопчыкам, суразмоўца даведалася ў яго геалакацыю школы. Пасля гэтага з падлеткам звязаліся з іншага акаўнта і даслалі відэа. На ім чалавек у балаклаве з украінскім сцягам расказваў, што атрымаў інфармацыю з акаўнта новай «прыяцелькі».

Амаль адразу на сувязь з хлопчыкам выйшаў невядомы, які назваўся супрацоўнікам органаў. Ён заявіў, што перадача геалакацыі замежнаму грамадзяніну з'яўляецца парушэннем закона.

Аднак паабяцаў, што адказнасці можна пазбегнуць, калі выконваць указанні куратара — «інспектара міліцыі», які хутка звяжацца з падлеткам.

Лжэслужбовец пераканаў школьніка ў неабходнасці задэклараваць даходы бацькоў. Для гэтага ён даў яму ўказанне сфатаграфаваць наяўныя дома грошы.

Як пазней высветліла сапраўдная міліцыя, падлетак падманам даведаўся ў бацькі код ад сейфа, дзе захоўваліся сямейныя зберажэнні, сфатаграфаваў грошы і адправіў фота ашуканцам.

На наступны дзень з ім звязаўся ўжо нібыта супрацоўнік КДБ і запатрабаваў тэрмінова перадаць грошы. Выконваючы ўказанні ўжо новага куратара, школьнік занёс сумку са зберажэннямі ў лес.

Злачынцы абяцалі вярнуць усе сродкі ў той жа дзень увечары. Але, зразумела, пасля атрымання грошай перасталі выходзіць на сувязь.

Калі бацькі нарэшце забілі трывогу і даведаліся пра перапіску сына, было ўжо занадта позна.

Мінскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджаная крымінальная справа па ч.4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры).

Адпаведныя органы вядуць актыўнае расследаванне гэтага злачынства, а таксама ўсталёўваюць кола асоб, датычных да вынаходлівай схемы падману падлетка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула