БЕЛ Ł РУС

Былы міністр сельскай гаспадаркі збіраецца вырошчваць пшаніцу ў Лівіі

21.10.2025 / 15:45

Nashaniva.com

Цяпер Анатоль Ліневіч кіруе прадпрыемствам «Беллібтрэйд», піша БелТа.

Анатоль Ліневіч. Скрыншот відэа Нацыянальнага прэс-цэнтра, 2024 год

Былы кіраўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Ліневіч збіраецца вырошчваць пшаніцу ў Лівіі, пра гэта стала вядома пасля сустрэчы Лукашэнкі з сынам фельдмаршала Хафтара.

«Паспрабуем прадставіць свае веды, тэхналогіі, уменні, каб паказаць, як трэба і можна працаваць у сельскай гаспадарцы. Думаю, што вынік не прымусіць сябе чакаць. Мы пастараемся дапамагчы накарміць народ Лівіі. Вырасціць тую ж пшаніцу, перапрацаваць у хлеб і аддаць гэта людзям», — працытавала Ліневіча БелТа.

Гаворка ідзе аб сумесных вытворчасцях раслінаводчай прадукцыі. Таксама ёсць планы стварыць на лівійскай тэрыторыі малочна-таварны комплекс, птушкафабрыку. Яшчэ адзін праект — стварэнне зборачнага прадпрыемства, але пакуль бакі прапрацоўваюць дамоўленасці па пастаўках тэхнікі.

«Ужо заключаны шэраг кантрактаў па нашых дзяржаўных прадпрыемствах — МТЗ, МАЗ, БелАЗ, «Гомсельмаш». Ужо ёсць кантракты. Нам трэба будзе ў бліжэйшы час пастаўляць тэхніку», — сказаў Ліневіч.

Анатоль Ліневіч прапрацаваў на пасадзе кіраўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі 9 месяцаў да сакавіка 2025 года. Яго на міністэрскай пасадзе змяніў Юрый Горлаў. Паводле ўказу, Ліневіч быў адпраўлены ў адстаўку.

Чытайце таксама:

У Мінску адкрылася гандлёвае прадстаўніцтва Лівіі

Лукашэнка прызначыў двух новых міністраў

Каментары да артыкула