З-за рэкорднай колькасці запушчаных з Беларусі метэазондаў Літва часова спыняла працу пераходаў на мяжы
абноўлена
Праца спынялася з-за метэазондаў, запушчаных з Беларусі. З-за гэтага таксама ноч не працаваў аэрапорт Вільні.
На фота — зачынены памежны кантрольны пункт Медніках. Фота: Памежная служба Літвы
У ноч на сераду Літва часова прыпыняла пропуск асоб і транспартных сродкаў у двух наземных пунктах кантролю на мяжы з Беларуссю — у Медніках і Салечніках (з беларускага боку — Каменны Лог і Беняконі).
Гэта мера гарантавання бяспекі Літвы, звязаная з паветранымі шарамі, запушчанымі ўначы з Беларусі ў Літву, гаворыцца ў паведамленні Памежнай службы.
У такі час сутак рух і патокі праз абодва згаданыя пункты мінімальныя. Асаблівых падзей або інцыдэнтаў да раніцы серады з-за закрыцця пунктаў не зафіксавана ні на іх тэрыторыі, ні ў прыбліжаных зонах.
З вечара з-за кантрабандных метэазондаў, запушчаных з Беларусі, быў закрыты аэрапорт Вільні.
Аэрапорт прыпыніў сваю працу 21 кастрычніка ў 22:23. Рэйсы з Лісабона, Антальі, Трэвіза, Барселоны перанакіравалі ў Коўна, з Франкфурта і Берліна — у Рыгу, з Лондана — у Варшаву, з Капенгагена — у Палангу. Самалёт са Стакгольма вярнуўся ў аэрапорт адпраўлення.
Месяц таму, калі Польшча закрывала мяжу з Беларуссю падчас беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад», міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч тлумачыў, у якіх выпадках Літва закрые мяжу.
«Калі здарыцца (правакацыя), кіраўнік памежнай аховы гатовы ў тую ж хвіліну даць дазвол на закрыццё мяжы. (…) Калі нешта адбываецца, дрон або правакацыя, ці нейкі невыразны павышаны рух сіл ля мяжы, мы можам гэта зрабіць», — казаў тады Кандратовіч.
З ягоных слоў, пазней пастанову на больш працяглы тэрмін закрыць мяжу павінен прыняць урад Літвы.
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас у эфіры LRT Radijas заявіў, што гэта адна з самых інтэнсіўных акцый па дастаўцы кантрабандных цыгарэт з дапамогай паветраных шароў у Літву сёлета.
«Падавалася, што інтэнсіўнасць спынілася — і вось гэтай ноччу мы атрымалі, бадай, самую інтэнсіўную інвазію кантрабандных цыгарэт з дапамогай паветраных шарыкаў у нашую краіну сёлета. Гэта інтэнсіўнасць вымяраецца двума параметрамі: часавай воссю, на працягу якой запускаліся шарыкі ў нашую краіну, і колькасцю. Таму былі прыняты рашэнні паветранай навігацыі прыпыніць палёты, каб гарантаваць бяспеку грамадзянскай авіяцыі», — кажа В. Віткаўскас.
Паводле кіраўніка НЦКК, шарыкі з кантрабандай, што прыляцелі з Беларусі, былі знойдзены ўжо ў пяці рэгіёнах: у Лаздзейскім раёне, у Друскеніках, у раёнах Аран, Салечнікаў, у Вільні.
«Апошняя хваля была зафіксаваная непадалёк ад аэрапорта. Геаграфія вельмі шырокая, гэта сведчыць пра тое, што інтэнсіўнасць запуску шарыкаў была вельмі высокая. Хутчэй за ўсё, запуск адбываўся не з аднаго пункта, а была каардынаваная аперацыя», — кажа В. Віткаускас.
Прадстаўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі (НЦКК) Дарус Бута паведаміў што адзін чалавек быў затрыманы, знойдзена восем шароў. «Пацярпелі каля 30 рэйсаў. З іх 14 рэйсаў, што ляцелі ў Вільню, былі накіраваныя ў іншыя аэрапорты. Найбольшая колькасць самалётаў прызямлілася ў аэрапорце Коўна — 10 рэйсаў былі скіраваныя туды. У аэрапорт Рыгі былі накіраваныя 2 рэйсы, па 1 — у Палангу і Варшаву. Таксама 10 рэйсаў былі скасаваныя, а адзін самалёт вярнуўся ў аэрапорт вылету», — адзначыў ён.
Ёсць 5 рэйсаў, якія затрымаліся з вылетам з аэрапорта Вільні.
Праца памежных пераходаў аднавілася пад ранак.