БЕЛ Ł РУС

10 еўрапейскіх фільмаў, якія пакажуць на кінафестывалі «Паўночнае ззянне». Некаторыя будуць ісці бясплатна анлайн

22.10.2025 / 18:15

Nashaniva.com

Хорар пра вядомую серыйную забойцу дзяцей, казка паводле скандынаўскай легенды і дэтэктыў пра пошукі носа Златана Ібрагімовіча. Некаторыя з фільмаў праграмы маюць прэстыжныя ўзнагароды і намінацыі.

Кадр з фільма «Мой дзядзька Енс»

Міжнародная праграма XI кінафестывалю «Паўночнае ззянне» аб’яднала дзесяць фільмаў з краін Скандынавіі і Балтыі, якія можна будзе паглядзець анлайн і афлайн з 3 па 23 лістапада.

Усе фільмы анлайн-праграмы будуць даступныя згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па мінскім часе.

«Прынц — белы мядзведзь»

2024, Нарвегія

8 лістапада — 16:30, Варшава, к/т 'Kinoteka', квіткі хутка з'явяцца ў продажы

Кадр з анімацыйнага фільма

Анімацыйны мюзікл пра каханне, адвагу і гармонію з прыродай. Рэжысёр у супрацоўніцтве з нарвежскай дзіцячай пісьменніцай Маяй Лундэ пераасэнсоўвае адну з самых любімых народных казак Скандынавіі. Атрымліваецца кранальная і дасціпная гісторыя пра дапытлівую і прадпрымальную дзяўчынку Ліў, белага мядзведзя Валемона, які на самой справе з’яўляецца зачараваным прынцам, іх прыгоды і барацьбу са злой ведзьмай.

«Дзяўчына з іголкай»

2024, Польшча, Швецыя, Данія

9 лістапада — 18:00, Варшава, к/т 'Kinoteka', квіткі хутка з'явяцца ў продажы

Змрочная гісторыя, якая сышла быццам са старонак зборніка братоў Грым, а насамрэч, заснаваная на рэальным факце з навіннай хронікі Капенгагена за 1920 год.

Пасля першай сусветнай вайны маладая жанчына Караліна, застаўшыся без хаты і працы швачкі, ды яшчэ і сам-насам з цяжарнасцю, губляе любыя надзеі на светлую будучыню. Выпадковая сустрэча з Дагмар, якая займаецца нелегальным усынаўленнем пазашлюбных дзяцей, здаецца променем святла ў цемры, але гэта толькі на першы погляд. Сусветная прэм'ера стужкі адбылася ў асноўным конкурсе Канскага кінафестывалю 2024 года.

«Невядомы краявід»

2024, Нарвегія

10 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

3 лістапада — 18:00, Вільнюс, к/т Skalvija, квіткі на паказ

«Капітан Фантастык» на нарвежскі лад і з рэальнага жыцця — фільм, што атрымаў гран-пры журы дакументальнай секцыі фестывалю Sundance-2024. На фоне нарвежскіх лясоў разгортваецца кранальная элегія пра сям’ю «дзікуноў», якая вяртаецца да цывілізацыі пасля смерці Марыі — жонкі, маці і ініцыятаркі іх «дзікага» існавання. Нік і чацвёра дзяцей спрабуюць захаваць ідэалы гармоніі з прыродай, але ўтапічная ідылія хутка ператвараецца ў змаганне за выжыванне.

Рэжысёрка Сілье Эвэнсма Якабсэн стварае кранальнае даследаванне смутку, сталення і пошуку новых формаў сям’і, уважліва назіраючы, як блізкія вучацца жыць без Марыі і шукаюць раўнавагу паміж прыродай і грамадствам, свабодай і адказнасцю, адзінотай і любоўю.

«Два мяне»

2024, Эстонія

10, 17 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Аўтафікшан пра пошукі сябе, свабоды творчасці і сутнасці кіно. Поўнаметражны дэбют братоў Раўля і Ромэта Эска — самаіранічнае даследаванне феномену двайняцтва і хаатычная драма сталення. 25‑гадовыя браты, якія ўсё ў жыцці дзялілі напалам, спрабуюць навучыцца быць самастойнымі і не страціць сувязі адзін з адным. Іх падарожжа ад эстонскай кінашколы да Нігерыі становіцца метафарычным партрэтам пакалення TikTok, што шукае сябе пад пастаянным прыцэлам відэакамеры.

«Самакруткі»

2024, Эстонія

11, 21 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Себасцьян працуе ў невялікай талінскай краме і вядзе мернае жыццё. Яго свет пераварочваецца з ног на галаву, калі ён сустракае Сіло, геданіста і летуценніка. Разам яны паляць канабіс, абмяркоўваюць жыццё і мараць пра білет у адзін канец у Бразілію, дзе ўсё можа быць інакш. 

Грунтуючыся на ўласным досведзе і гутарках з аднагодкамі, Мээль Паліяле стварае партрэт пакалення маладых людзей, што шукаюць сваё месца і свабоду ў свеце, які пастаянна мяняецца. Стужка атрымала прыз глядацкіх сімпатый на Талінскім кінафестывалі (PÖFF), а цяпер яшчэ і вылучаецца ад Эстоніі ў якасці прэтэндэнта на кінапрэмію «Оскар».

«Роды: боль і радасць»

2024, Фінляндыя

12, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

Дакументальны фільм пра права жанчыны вярнуць сабе кантроль над самым старажытным і самым асабістым жыццёвым працэсам — нараджэннем дзіцяці.

Роды — адзін з самых натуральных, але пры гэтым найбольш кантраляваных працэсаў у жыцці жанчыны. Чаму рашэнне нараджаць дома ўспрымаецца як нешта радыкальнае, амаль акт бунту? Фінская дакументалістка Каралійна Грэндаль спрабуе адказаць на гэтае пытанне. Назіраючы за некалькімі цяжарнымі жанчынамі, а таксама за акушэркаю Кірсі і доўлай Аннай-Рытай, яна даследуе працэс нараджэння як фізічны і духоўны досвед, у якім давер і выбар важнейшыя за медычныя правілы.

«Ільвіца»

2024, Эстонія, Германія, Латвія

14, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Эмацыйнае разважанне пра мацярынскую любоў і тонкую мяжу паміж абаронаю, кантролем ды залежнасцю. Фельчарка хуткай дапамогі спрабуе ўратаваць 15‑гадовую дачку, цяжкага падлетка са схільнасцю да самаразбурэння, якая звязалася з дрэннаю кампаніяй. Калі дзяўчына трапляе ў шпіталь пасля перадазіроўкі наркотыкамі, маці выкрадае яе проста з палаты і замыкае ў старым загарадным доме, думаючы, што гэтак здолее вылекаваць іхныя стасункі. Паміж маці і дачкою разгараецца балючая псіхалагічная дуэль, дзе клопат і гвалт пераплятаюцца. Фільм атрымаў прэмію EFTA (эстонскі «Оскар»).

«Мой дзядзька Енс»

2025, Нарвегія, Румынія

15, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

Кранальнае і смешнае разважанне пра страчаныя сямейныя сувязі, культурную ідэнтычнасць і асабістыя межы.

Акам, малады выкладчык літаратуры курдскага паходжання, жыве спакойным жыццём у Осла, пакуль аднойчы ўначы да яго не прыязджае дзядзька Хадр — сваяк з іранскай часткі Курдыстану, якога ён не бачыў з дзяцінства. Акам прымае яго ў сваёй «камуналцы» на некалькі дзён, але Хадр, што цяпер называе сябе Енсам і хваліцца бізнэсам на радзіме, відавочна не збіраецца сыходзіць. Праз культурныя адрозненні і моўны бар’ер напружанне паміж імі расце з кожным днём.

«Нос Златана»

2025, Швецыя

16 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (прагляд фільма магчымы толькі з тэрыторыі Беларусі)

7 лістапада — 18:30, Варшава, к/т 'Kinoteka', квіткі хутка з'явяцца ў продажы

Гісторыя пра тое, як Златан Ібрагімовіч ператварыўся з куміра жыхароў Мальмё ў амаль персону нон-грата ў родным горадзе, даўно сталася легендаю. Калі ён гуляў за мясцовую каманду, яго лічылі героем, але ў 2019‑м Златан нечакана стаў суўладальнікам стакгольмскага «Гамарбі» — заклятага суперніка «Мальмё». Бронзавая статуя футбаліста каля стадыёну адразу стала мішэнню для вандалаў — урэшце хтосьці адрэзаў ёй нос. Гэты загадкавы выпадак так узрушыў шведскую фанацкую супольнасць, што тры тэлежурналісты знялі тру-крайм пра пошук носа. Ім дапамагае эксцэнтрычны прыватны дэтэктыў Кляс Экман, чыя любоў да старых шпіёнскіх фільмаў вядзе гісторыю ў нечаканае і вельмі захапляльнае рэчышча.

«Амерыка начлежак»

2025, Нарвегія, Нідэрланды, ЗША

23 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Глыбока рэалістычны партрэт падлетка, які жыве на змрочным баку «амерыканскай мары». Нарвежская фатографка Моніка Стрэмдаль у сваім дэбютным дакументальным фільме распавядае гісторыю 12‑гадовага Мікала, які расце побач з бацькамі з алкагольнай залежнасцю ў цесным гатэльным пакоі на мяжы галечы. Без асуджэння і з рэдкай чуллівасцю рэжысёрка паказвае, як залежнасць разбурае не толькі цела, але і сямейныя сувязі, ператвараючы дом у пастку, але нават у цемры пакідае месца надзеі.

Падтрымаць каманду кінафэстывалю можна па спасылцы.

Чытайце таксама:

9 беларускіх фільмаў, якія можна будзе пабачыць у лістападзе

Каментары да артыкула