БЕЛ Ł РУС

ЗША знялі ключавое абмежаванне на ўдары дальнабойнымі ракетамі па Расіі — WSJ

22.10.2025 / 22:57

Nashaniva.com

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа зняла ключавое абмежаванне, якое раней не дазваляла Украіне выкарыстоўваць некаторыя дальнабойныя ракеты, пастаўленыя заходнімі саюзнікамі, для нанясення ўдараў па тэрыторыі Расіі. Пра гэта паведаміла газета The Wall Street Journal (WSJ) са спасылкай на крыніцы. Трамп назваў паведамленне фэйкавым. 

Сістэма ATACMS. Фота: South Korean Defense Ministry via Getty Images

Як піша выданне, паўнамоцтвы па ўхваленні такіх атак нядаўна перадалі Еўрапейскаму камандаванню ЗША. Раней, пасля прыходу Трампа да ўлады, працэдура прымянення дальнабойных ракет была ўскладненая, і ЗША не ўхвалялі іх выкарыстанне. Папярэдні прэзідэнт Джо Байдэн дазваляў Украіне выкарыстоўваць такія ракеты, як Storm Shadow і ATACMS, для ўдараў па расійскай тэрыторыі.

Пацвярджэннем змены падыходу стаў інцыдэнт, які адбыўся 21 кастрычніка, калі Узброеныя сілы Украіны выкарысталі брытанскую крылатую ракету Storm Shadow для ўдару па хімічным заводзе ў Бранску.

Амерыканскі бок, паводле інфармацыі WSJ, чакаюць, што Украіна пачне праводзіць больш нападаў з выкарыстаннем Storm Shadow. ЗША могуць пры гэтым абмяжоўваць іх выкарыстанне, паколькі гэтыя ракеты абапіраюцца на амерыканскія даныя аб цэлях.

Дональд Трамп назваў «фэйкавай навіной» гэта паведамленне.

«ЗША не маюць ніякага дачынення да гэтых ракет, адкуль бы яны ні былі, і што Украіна з імі ні рабіла!» — заявіў прэзідэнт ЗША.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула