БЕЛ Ł РУС

Як праўладныя каналы тлумачаць блакіроўку «Укантакце»

24.10.2025 / 22:5

Nashaniva.com

Сайт «Укантакце» рашэннем КДБ унеслі ў спіс рэсурсаў для абмежаванага доступу, праз некаторых аператараў ён ужо перастаў адчыняцца. На навіну адразу адрэагавалі блізкія да сілавікоў і праўладныя каналы. 

Ілюстрацыйны здымак: «Укантакце»

Канал «Беларускі сілавік» адразу запэўніў, што здарэнне адбылося па «тэхнічнай памылцы».

«Доступ сапраўды абмежаваны, але, як мне падказалі, праз тэхнічную памылку. Сітуацыя неўзабаве будзе выпраўленая. Хутчэй за ўсё, была памылка з унясеннем у спіс абмежавання асобнага профілю/групы», — сказана ў канале.

Пазней «Беларускі сілавік» дапоўніў: desktop-версія сацсеткі не працуе, бо кампанія не выканала патрабаванні дзяржаўных органаў. «ВК не захацеў улічваць інтарэсы Беларусі і заляцеў у блок».

Адміністратары «Жоўтых зліваў» таксама звярнулі ўвагу на «канкрэтныя патрабаванні заканадаўства».

«Проста ёсць пэўныя патрабаванні заканадаўства, не выконваючы якія ў Беларусі працаваць немагчыма. Праблема менавіта ў неадпаведнасці нашым тэхнічным умовам. Як толькі праблема будзе ліквідаваная, доступ адразу будзе адноўлены.

Мы ўпэўненыя, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшы час. Але тут ужо ад адміністрацыі «Укантакце» залежыць, наколькі хутка пытанне будзе вырашана».

З найбольшай іроніяй на навіну адрэагаваў канал, блізкі да ГУБАЗіК.

Пра блакіроўку «Укантакце» стала вядома ўвечары 24 кастрычніка. Рашэннем КДБ сайт унеслі ў спіс для рэсурсаў з абмежаваным доступам. 

Па інфармацыі БелТА, цяпер у Беларусі не працуе толькі desktop-версія сацсеткі, на мабільнай прыладзе «Укантакце» працягвае адчыняцца.

Прэс-служба сацсеткі паведаміла, што кампанія «вывучае сітуацыю» і робіць усё неабходнае, каб аднавіць доступ да платформы ў Беларусі, аднак не раскрыла прычыны па якім адбылася блакіроўка.

Чытайце таксама:

«Укантакце» пракаментавала навіну аб блакіроўцы ў Беларусі

КДБ заблакаваў у Беларусі «Укантакце»

Каментары да артыкула