Партыя Хаўера Мілея дамаглася важнай перамогі на прамежкавых выбарах
У нядзелю ў Аргенціне прайшлі прамежкавыя выбары, па выніках якіх будуць абраныя 127 дэпутатаў і 24 сенатары. Галоўным сюрпрызам выбараў стала перамога «Свабода наступае» (La Libertad Avanza) у правінцыі Буэнас-Айрэс — галоўнай выбарчай акрузе краіны, піша ВВС.
Прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей. Фота: José Luis Magana / AP
Буэнас-Айрэс доўгі час быў палітычным аплотам асноўных апанентаў Мілея — кааліцыі «Сіла Радзімы», у якую ўваходзяць былы прэзідэнт Крысціна Фернандэс дэ Кіршнер і губернатар правінцыі Аксель Кісілёф. Цяпер жа па выніках прамежкавых выбараў партыя «Свабода наступае» набрала ў правінцыі Буэнас-Айрэс 41,5% галасоў, у той час як кааліцыя «Сіла Радзімы» атрымала 40,8%.
Нацыянальная выбарчая палата паведаміла, што нягледзячы на абавязковасць галасавання, на ўчасткі прыйшло каля 68% выбаршчыкаў — гэта самы нізкі паказчык на нацыянальных выбарах з 1983 года.