БЕЛ Ł РУС

Мітрапаліт Веніямін прапанаваў узгадніць магчымы візіт Папы Льва ХIV у Беларусь з патрыярхам Кірылам

28.10.2025 / 8:2

Nashaniva.com

Магчымы візіт Папы Льва XIV у Беларусь павінен абмяркоўвацца з кіраўніком РПЦ, патрыярхам Маскоўскім і ўсёй Русі Кірылам з улікам меркавання сінода Беларускай праваслаўнай царквы. Пра гэта заявіў кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Веніямін на сустрэчы са спецыяльным пасланнікам Папы кардыналам Клаўдыа Гуджэроці 27 кастрычніка.

Фота: Church.by

На сустрэчы Веніямін падкрэсліў, што Гуджэроці ведаюць у Беларусі і цэняць яго намаганні па ўмацаванні пазітыўнага вобразу Беларусі за мяжой. Суразмоўцы абмеркавалі «духоўную і рэлігійную сітуацыю ў свеце, становішча хрысціянаў у краінах Блізкага Усходу, а таксама нібыта ўціск Украінскай праваслаўнай царквы», паведамляе прэс-служба БПЦ.

Бакі адзначылі станоўчую ролю ўзаемадзеяння БПЦ і Касцёла ў Беларусі і пагадзіліся, што важна захоўваць добрыя і даверлівыя адносіны «ў умовах няпростай сітуацыі ў свеце».

На сустрэчы абмяркоўвалася пытанне візіту Папы ў Беларусь. Веніямін адзначыў, што такі візіт у любую краіну — асаблівая падзея, і прапанаваў абмеркаваць яго з кіраўніком РПЦ патрыярхам Кірылам, бо большасць вернікаў у Беларусі — праваслаўныя. БПЦ знаходзіцца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхата.

«У Беларусі адносіны Царквы і Касцёла складаюцца станоўчым чынам, нягледзячы на папярэднія складаныя перыяды ў айчыннай гісторыі. Бакі пагадзіліся, што неабходна ўлічваць факт таго, што ў краіне большасць вернікаў належыць да Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, і важна, каб тэма візіту абмяркоўвалася таксама са Свяцейшым патрыярхам Маскоўскім і ўсёй Русі Кірылам і з улікам меркавання сінода Беларускай праваслаўнай царквы», — заяўляе БПЦ.

Гуджэроці прыбыў у Беларусь 25 кастрычніка на святкаванне 100‑годдзя Пінскай епархіі, на выходных ён браў удзел ва ўрачыстасцях у Пінску і Брэсце.

У панядзелак ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком МЗС Максімам Рыжанковым.

Чытайце таксама:

Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з кардыналам Гуджэроці, абмяркоўваць маглі ізаляцыю Беларусі і палітвязняў

Спецпасланнік Папы: Беларусь не павінна адчуваць сябе ізаляванай, адкінутай

Спецпасланнік Папы Клаўдыа Гуджэроці бярэ ўдзел ва ўрачыстасцях у Пінскай епархіі

Каментары да артыкула