Расійскай спявачцы Наока далі штраф за песню Манетачкі. Яна выконвае на вуліцы песні забароненых музыкантаў
Перад гэтым 18‑гадовая дзяўчына адсядзела 13 сутак.
Фота: Медыязона
Ленінскі раённы суд Пецярбурга сёння разгледзеў адміністрацыйны пратакол аб дыскрэдытацыі расійскай арміі ў дачыненні да 18‑гадовай вулічнай спявачкі Дзіяны Логінавай, вядомай як Наока, піша «Медыязона».
Дзяўчына ўжо правяла 13 сутак у спецпрыёмніку — яе прызналі вінаватай у арганізацыі масавага мерапрыемства (частка 1 артыкула 20.2.2 КаАП). Сёння адразу пасля вызвалення яе павезлі ў суд для разгляду наступнага адміністрацыйнага пратакола.
У выніку суддзя Алена Самсонава аштрафавала Наоку на 30 тысяч расійскіх рублёў (380 даляраў) па пратаколе аб «дыскрэдытацыі» арміі з-за выканання песні Манетачкі «Ты салдат».
Аднак дзяўчыну не адпусцілі з залы суда пасля вынясення штрафу, яе з канвоем вывелі з суда. Адзін з сілавікоў, якія яе суправаджалі, сказаў, што Дыяна Логінава «працэсуальна затрыманая»: яе павязуць назад у 76‑ы аддзел міліцыі для складання чарговага пратаколу. Што гэта за пратакол — невядома.
18‑гадовая Наока (Дзіяна Логінава) вядомая як вакалістка вулічнага гурта Stoptime, свае выступы музыкі анансавалі ў тэлеграм-канале. У інтэрнэце сталі віруснымі відэа яе выступленняў з выкананнем песень «Порнафільмаў», Манетачкі, Noize MC і іншых музыкаў, прызнаных у Расіі «замежнымі агентамі».
На адным з апублікаваных відэа музыкі выконваюць песню «Кааператыў «Лебядзінае возера»» рэпера Noize MC, якую ў маі расійскі суд забараніў, указаўшы, што ў ёй «выкарыстоўваюцца прыніжальныя і абразлівыя характарыстыкі, якія могуць быць атаясамлены з фігурай, што сімвалізуе народ РФ».
У жніўні музыкаў затрымлівалі пасля аналагічнага выступлення, і тады яны паабяцалі, што не стануць змяняць рэпертуар. У той раз прычынай для затрымання стала парушэнне рэжыму цішыні — музыкаў адпусцілі пасля афармлення штрафаў.
«Вядома, мы працягнем стрытаваць, бо мы не напужаныя і не зламаныя», — падкрэслівала Наока.
Наоку затрымалі 15 кастрычніка ў Пецярбургу. Яна ноч правяла ў пастарунку міліцыі Пецярбурга. Ноч у аддзеле правялі таксама Аляксандр Арлоў і Уладзіслаў Лявонцьеў, удзельнікі Stoptime. Ёй далі 13 сутак (Яе прызналі вінаватай у арганізацыі масавага мерапрыемства). Яе калегаў асудзілі на такія ж тэрміны.
Сёння Наоку пасля вызвалення зноў прывезлі ў суд. Адказваючы на пытанні суддзі, дзяўчына кажа, што проста выконвала песні, якія ёй падабаюцца, у тым ліку песні Віктара Цоя і «Грамадзянскай абароны».