Маці Кацярыны Ваданосавай не вышлюць з Польшчы ў Літву — рашэнне суда
Нэлі Ваданосава застанецца ў Польшчы, нягледзячы на Дублінскі рэгламент, згодна з якім яе мусілі адправіць у Літву, бо ў жанчыны літоўская віза, а міжнародную абарону яна просіць у Польшчы. Такое рашэнне прыняў Варшаўскі адміністрацыйны суд 28 кастрычніка, паведамляе «Белсат» з залі суда.
Нэлі Ваданосава (справа) разам з дачкой Кацярынай Ваданосавай, яе мужам і дзецьмі ў будынку суда ў Варшаве 28 кастрычнікау. Фота: Белсат
Маці музыкі і культурніцкай дзяячкі Кацярыны Ваданосавай, Нэлі Ваданосавай, усё ж дазволілі застацца ў Польшчы — суд прызнаў, што папярэдняе рашэнне аб яе высылцы ў Літву не адпавядае праву і было вынесена з парушэннямі.
Пасля выезду з Беларусі жанчына падалася на міжнародную абарону ў Польшчы, але польская памежная служба 30 верасня апавясціла сям'ю, што Нэлі Ваданосаву збіраюцца адправіць у Літву ўжо 6 кастрычніка, бо яна заехала ў ЕС паводле літоўскай візы.
Кацярына Ваданосава адзначала, што яе маці ўжо 74 гады і яна мае мноства хвароб. Падчас вобшуку і допыту ў Мінску ў Нэлі Ваданосавай здарыўся інфаркт. У Літве ў жанчыны нікога няма. Кацярына адзначала, што яе маці проста не выжыве без яе.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду» ў Каардынацыйнай радзе Павел Латушка звяртаўся да польскіх уладаў з просьбай не дэпартаваць Нэллі Ваданосаву.
Варшаўскі адміністрацыйны суд прыпыніў выкананне пастановы аб высылцы ў Літву да канца кастрычніка, разгляд справы быў перанесены на 28 кастрычніка.