У Мінску тэстуюць новую сістэму вывазу смецця
Новую сістэму вывазу смецця тэстуюць у адным з раёнаў сталіцы. Пра гэта расказаў у прэс-цэнтры БелТА галоўны інжынер прадпрыемства «Спецкамунаўтатранс» Андрэй Хвін.
У сталічных дварах ёсць кантэйнеры для змяшанага збору адкідаў, а таксама для другасных матэрыяльных рэсурсаў. Абсталёўваюцца пляцоўкі і для буйнагабарытных адкідаў.
Андрэй Хвін удакладніў, што зараз прапрацоўваюць праграмы і мерапрыемствы, якія дазволяць удасканаліць сістэму маніторынгу смеццявозаў, а таксама вывазу смецця з кантэйнерных пляцовак і ад смеццепрыёмных камер. Праграма дазволіць бачыць, дзе і ў які час вывозілі канкрэтныя кантэйнеры і якога віду. Абнаўляюць таксама кантэйнерны парк, купляюць смеццявозы, на якіх усталёўваюць датчыкі GPS.
Па яго словах, навінкі ў сістэме вывазу смецця пакуль адпрацоўваюць на адным раёне. Такім чынам на практыцы правяраюць праграмнае забеспячэнне, якое кантралюе працэс.
Ці будуць маштабаваць эксперымент на іншыя раёны сталіцы, вырашаць пасля яго завяршэння.