БЕЛ Ł РУС

Мінск рыхтуе маштабную перабудову Чыжоўкі цягам дзесяці гадоў

29.10.2025 / 8:30

Nashaniva.com

У Мінску пачалося грамадскае абмеркаванне дэталёвага плана развіцця Чыжоўкі. Праект прадугледжвае кардынальныя змены ў раёне да 2035 года: з'явяцца новая паліклініка, шматпавярховыя паркінгі замест плоскасных стаянак, а таксама будзе рэалізаваны праект транспартнай развязкі.

Ідзе грамадскае абмеркаванне праекта развіцця тэрыторыі жылога раёна Чыжоўка. У асноўным ён прадугледжвае будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў і падзелены на два этапы рэалізацыі: першы — да 2030 года, другі — да 2035-га. Якія змены прапануюцца, піша «Мінск-Навіны».

Падрыхтавана новая версія дэталёвага плана, які ахоплівае тэрыторыю ў межах вул. Чыжэўскіх — ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны — вул. Галадзеда — вул. Ташкенцкай — вул. Убарэвіча — МКАД. У праекце ўдакладняюцца межы ўчасткаў і іх прызначэнне, а таксама прапануюцца варыянты забудовы. У асноўным гаворка ідзе пра ўзвядзенне сацыяльных аб'ектаў, неабходных жыхарам раёна. Многія з пералічаных ніжэй аб'ектаў — гэта планы і прапановы, якія могуць і не рэалізавацца.

Чыжоўка-1

Тут плануецца стварыць грамадскі аб'ект — гасцініцу па адрасе: вул. Краснаслабодская, 5. З праекта не ясна, будзе гэта рэканструкцыя існуючага будынка пад новыя функцыі ці новае будаўніцтва.

Чыжоўка-2

На месцы аўтастаянкі паміж МКАД і вул. Убарэвіча прапануецца ўзвесці некалькі аб'ектаў камунальна-абслугоўваючага прызначэння з грамадскімі функцыямі. Яшчэ адна падобная пляцоўка — паміж жылым домам на Ташкенцкай, 6/2, і будынкам сэрвіснага прызначэння на вул. Галадзеда, 49. Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра шматузроўневыя паркоўкі з дадатковымі памяшканнямі, дзе могуць размяшчацца гандлёвыя і сэрвісныя прадпрыемствы. Плоскасныя стаянкі ўздоўж кальцавой у праекце не захоўваюцца. Аднак для будаўніцтва паркінгаў са спадарожнымі сэрвісамі патрабуюцца інвестары, і калі яны не знойдуцца, усё можа застацца без змен.

Чыжоўка-3

Тут, як і ў Чыжоўцы-4, мяркуецца ўзвядзенне шматкватэрнага жылля. Некаторыя дамы запланаваны даўно, але з'явіўся і новы ўчастак для забудовы — у межах вул. Убарэвіча — Клецкай — Капыльскай — Капыльскага тупіка, дзе цяпер размяшчаюцца каля дзесяці прыватных сядзіб. У будучыні тут прапануецца стварыць шматкватэрнае жыллё. Таксама ўздоўж МКАД плоскасныя стаянкі заменяць шматузроўневымі паркінгамі са спадарожнымі функцыямі.

Чыжоўка-4

У гэтым мікрараёне на месцы сядзіб у межах вул. Капыльскай — Клецкай — Убарэвіча былі запланаваны тры шматпавярховікі. Акрамя гэтага, у Чыжоўцы-4 павінны з'явіцца новыя сацыяльныя аб'екты: стаматалагічная паліклініка побач са шматузроўневым паркінгам на Убарэвіча, 86/1, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр паміж вуліцамі Нясвіжскай і 2‑й Кальцавой, а таксама аб'ект грамадскага прызначэння ўздоўж вул. Галадзеда (каля дома 5/4 і будынка № 5Б). Як і ў іншых раёнах, стаянкі ўздоўж МКАД могуць замяніць шматузроўневымі паркінгамі.

Чыжоўка-6

Тут плануецца будаўніцтва ветэрынарнай клінікі з гасцініцай для жывёл. Яна можа размясціцца ў праездзе Убарэвіча, недалёка ад касцёла. Таксама ў суседняй зялёнай зоне маюць намер абсталяваць невялікую спартыўную пляцоўку агульнага карыстання. Аўтастаянкі ўздоўж кальцавой дарогі і гаражны масіў унутры мікрараёна прапануецца замяніць шматпавярховымі паркінгамі — вядома, калі для такіх змен знойдзецца інвестар.

Чыжоўка-6а

Гэта адзін з самых маладых мікрараёнаў, таму тут плануюць дадаць некалькі сацыяльных аб'ектаў. Напрыклад, на свабодным участку паміж домам № 32 на вул. Карзюкі і гіпермаркетам хочуць пабудаваць паліклініку на 690 наведванняў у змену. На дваровай тэрыторыі паміж жылымі дамамі магчыма размяшчэнне дзіцячага цэнтра — па праекце не ўдакладняецца, але хутчэй за ўсё, гэта дзіцячая музычная школа або падобная ўстанова. Таксама побач з развязкай на скрыжаванні вул. Турава і Карзюкі знайшлі месца для спартыўнага комплексу.

Дарогі і транспарт

Праект прадугледжвае ўзвядзенне транспартнай развязкі з праходжаннем вуліцы Ташкенцкай пад МКАД. Падобную інфраструктуру гарадскія ўлады ўжо разглядалі раней. Цяпер яна вяртаецца ў планы горадабудаўнікоў, бо здольная значна палепшыць транспартную даступнасць раёна.

Акрамя таго, у дэталёвым плане прадугледжана пашырэнне праезнай часткі вул. Галадзеда. Пры яе рэканструкцыі разваротнае кальцо тралейбусаў «Чыжоўка-1» будзе перанесена на перспектыўнае кальцо на скрыжаванні вул. Галадзеда і Убарэвіча. Разваротнае кальцо ДС «Чыжоўка-6» будзе ліквідавана, а тралейбусныя маршруты працягнуць да жылога раёна Лошыца.

Грамадскае абмеркаванне праекта працягнецца па 10 лістапада. З 29 кастрычніка на сайце адміністрацыі Заводскага раёна чакаецца яго відэапрэзентацыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула