БЕЛ Ł РУС

Кіроўца быў п'яны ў хлам і спяшаўся ў школу. Падрабязнасці ДТЗ у Смаргонскім раёне, дзе аўтамабіль знішчыў старадаўнюю капліцу

29.10.2025 / 10:4

Nashaniva.com

На мінулым тыдні ў вёсцы Расла Audi знёс прыдарожную каталіцкую капліцу. Паведамлялася, што ён абраў няправільную хуткасць, але падрабязнасцей ад афіцыйных крыніц дагэтуль не з’явілася.

Katolik.life заўважыў у сацыяльнай сетцы расповед мясцовага жыхара, які сцвярджае, што ведае, як усё адбылося. 25‑гадовы кіроўца быў у стане моцнага алкагольнага ап’янення і спяшаўся, каб забраць са школы дзіця.

На дарогу пад колы раптоўна выбеглі гусі, што паспрыяла аварыі. Адна з птушак загінула. Пасля ўдару ў капліцу аўто перакулілася і таксама было цалкам разбіта, аднак кіроўца цудам не пацярпеў.

Калі ўсё гэта праўда, атрымліваецца, што магла б адбыцца яшчэ большая трагедыя — калі б той даехаў да школы, забраў дзіця і вяртаўся з ім дадому ў стане моцнага ап’янення, ён мог бы трапіць у аварыю разам з дзіцем.

Кіроўца сам жыве ў вёсцы Расла недалёка ад разбуранай капліцы. Дзіця, па якое ён нібыта ехаў, — не яго роднае.

Пацвердзіць усё гэта немагчыма, але такія падрабязнасці распавядаюць адзін аднаму вяскоўцы. Тое, што малады чалавек быў моцна п’яны, сцвярджаюць у каментарыях яшчэ некалькі мясцовых жыхароў.

Разбураная капліца была гісторыка-культурным помнікам XIX стагоддзя, таму, акрамя пакарання за ДТЗ, кіроўцу, верагодна, прыйдзецца выплачваць дзяржаве буйную суму.

Аналагічны выпадак адбыўся таксама ў Смаргонскім раёне ў 2021 годзе: тады п’яны вадзіцель толькі пашкодзіў капліцу XIX стагоддзя на тэрыторыі Каранеўскага сельсавета. Згодна з заключэннем эксперта філіяла «Белрэстаўрацыі», шкода склала звыш 10 тысяч рублёў, якія праз суд па пазове раённага пракурора спагналі з вінаватага.

Чытайце таксама:

У Смаргонскім раёне «Аўдзі» ўшчэнт разбурыла гістарычны помнік

Каментары да артыкула