БЕЛ Ł РУС

Былая палітзняволеная, дэпартаваная з Польшчы ў Літву, трапіла ў юрыдычныя абцугі

29.10.2025 / 20:57

Nashaniva.com

60‑гадовая былая палітзняволеная Наталля Падлеўская, якую Польшча нядаўна перадала Літве ў рамках Дублінскага рэгламента, сутыкнулася з праблемамі, звязанымі з невыкананнем польскімі памежнікамі некаторых фармальнасцяў, паведаміла ініцыятыва Partyzanka.

Наталля Падлеўская. Фота: belaruswomen.org

У Беларусі ў 2021 годзе Наталлю Падлеўскую пакаралі за «абразу ўладаў» годам турмы і штрафам. Пасля вызвалення ў 2022 годзе яна выехала за межы краіны, атрымаўшы літоўскую гуманітарную візу. На тэрыторыі Літвы Наталля падала дакументы памежнікам і атрымала ад іх адзнаку пра ўезд.

Пасля таго жанчына выехала ў Польшчу, дзе жыве яе сям’я, прытым дачка — нават з польскім грамадзянствам. Але там адмовіліся разглядаць яе просьбу аб міжнароднай абароне, паколькі лічыцца, што справа павінна разглядацца ў першай краіне ЕС, у якой жанчына атрымала візу. І хоць суд у Польшчы пастанавіў, што справу трэба разглядаць менавіта тут, за дзень да суда польскія памежнікі ўжо паспелі выправіць Наталлю Падлеўскую ў Літву.

Цяпер яна не можа вярнуцца ў Польшчу, бо не мае дакументаў, якія давалі б на гэта права. У Літве ж яна паводле закона таксама знаходзіцца нелегальна, і ў звычайных абставінах яе нават маглі б дэпартаваць у Беларусь.

Цяпер праваабаронцы шукаюць магчымасці, каб вярнуць жанчыну ў Польшчу, але заканадаўчых дакладна прапісаных механізмаў для такой сітуацыі пакуль няма.

Чытайце таксама:

Варшаўскі суд адмяніў рашэнне аб перадачы былой палітзняволенай з Польшчы ў Літву

Польшча перадала былую палітзняволеную Наталлю Падлеўскую ў Літву

Беларус, якога збіраліся дэпартаваць пасля канцэрту Каржа, папрасіў у Польшчы міжнародную абарону

Каментары да артыкула