БЕЛ Ł РУС

Сотні літоўскіх фур захраслі ў Беларусі — транспартнікі Літвы заклікаюць урад тэрмінова шукаць выйсце

30.10.2025 / 12:46

Nashaniva.com

Пасля таго як Літва 29 кастрычніка на месяц закрыла мяжу з Беларуссю, некалькі сотняў грузавікоў літоўскіх транспартных кампаній не могуць вярнуцца ў краіну. У сувязі з гэтым Нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў «Linava» звярнулася да ўрада з заклікам тэрмінова сумесна з прадстаўнікамі бізнесу шукаць выйсце са складанай сітуацыі, піша LRT.

Па словах прадстаўнікоў асацыяцыі, частка перавозчыкаў вымушана вяртацца праз Латвію ці Польшчу, аднак і на памежных пунктах гэтых краін утварыліся вялізныя чэргі, з-за чаго некаторыя грузавікі не могуць праехаць і там, паведаміла «Linava».

Генеральны сакратар асацыяцыі Нарунас Раўлінайціс заявіў, што сітуацыя крытычная — частка кіроўцаў вымушана шукаць аб'язныя шляхі, што павялічвае выдаткі і парушае ланцужкі паставак.

Акрамя таго, кіроўцы гадзінамі чакаюць без яснай інфармацыі, некаторыя з іх сутыкаюцца з праблемамі забеспячэння і адпачынку.

«Акрамя таго, дзясяткі транспартных сродкаў цяпер не могуць выехаць праз латвійскія або польскія пункты пропуску, таму што яны ўжо былі аформлены з боку Беларусі, але пасля закрыцця мяжы ім не дазволілі вярнуцца ў Літву. Такая сітуацыя выклікае сур'ёзныя пытанні адносна правоў кіроўцаў», — заявіў Раўлінайціс.

Паводле яго слоў, улады павінны неадкладна распачаць дзеянні.

«Мы просім урад тэрмінова правесці нараду з прадстаўнікамі транспартнага сектару, каб знайсці рашэнне па вяртанні транспартных сродкаў перавозчыкаў у Літву і забяспечыць далейшы рух грузаў», — заявіў кіраўнік асацыяцыі.

Чытайце таксама:

Мяжа Беларусі і Літвы закрытая на месяц

ЗША далі зразумець Лукашэнку, што чакаюць спынення запуску метэазондаў у Літву

Літва ўжо прадставіла ЕС прапановы па новых санкцыях супраць Беларусі

Адкрыццё пераходаў Польшчы з Беларуссю адкладзена на некалькі тыдняў

Каментары да артыкула