БЕЛ Ł РУС

«Печыва едзе ў печ, хочаш з ім?» «Слодыч» запісаў крыповы хорар-ролік пра начную экскурсію па цэху

1.11.2025 / 13:59

Эдвард Руткевіч

На мінскай кандытарскай фабрыцы «Слодыч» знялі незвычайны тыкток-ролік, які нагадвае інтэрактыўную хорар-гульню. У ім смяротная небяспека падсцерагае наведвальніка на кожным кроку.

Дзяўчына ў роліку ад «Слодыча». Скрыншот відэа

Гераіню роліка — дзяўчыну ў белым халаце — мы сустракаем у пустым цэху. Яна ўсміхаецца занадта шырока, гаворыць рыпучым голасам, а яе рухі — рваныя, нібы пакадравыя, што стварае трывожны і нерэалістычны вобраз.

Перад уваходам у цэх дзяўчына прапануе надзець накідку і завязаць яе тужэй. Яна дапамагае гэта зрабіць — у гэты момант за кадрам чутны стогн, экран трасецца, мігціць чырвоным святлом, а твар дзяўчыны на імгненне з’яўляецца ў скажоным негатыве — колеры мяняюцца месцамі, і яе выгляд становіцца злавесна пагрозлівым.

@slodych.by А можно мне другого экскурсовода? #слодыч #хоррор #экскурсия #Хеллоуин ♬ оригинальный звук - Слодыч | Кондитерская фабрика

Перад цэхам — турнікет. Без дэзынфекцыі рук далей не пускаюць. Мы — ролік зняты быццам ад першай асобы — засоўваем рукі ў апарат, і ў той жа момант — чырвонае святло і гук, нібы рэзка апускаецца вялікае лязо.

«Мікробы забіты!» — радасна абвяшчае дзяўчына.

Далей экскурсія працягваецца да драбілак, што рыхтуюць рассыпістае цеста. Дзяўчына прапануе нам заглянуць унутр. «Бліжэй!». Чутны вар’яцкі смех, а экран ізноў заліваецца чырвоным святлом.

Потым — канвеер, па якім печыва едзе наўпрост у печ.

«Там дзвесце пяцьдзясят градусаў. Хочаш з ім?» — прапаноўвае дзяўчына, і яе твар скажаецца, калі яна не чуе згоды.

«Ладна, пойдзем далей», — кажа яна расчаравана.

Дзяўчына ў хорар-роліку ад «Слодыча» прапануе незвычайныя і небяспечныя актыўнасці ў пустым начным цэху кандытарскай фабрыкі. Скрыншоты відэа

У фінале экскурсіі прапануюць пакаштаваць свежаспечанае печыва. На экране, як у сапраўднай гульні, з’яўляюцца кнопкі выбару — «з’есці» ці «разглядзець». Мы выбіраем другое і бачым у чорнай дзірцы печыва жахлівую ўсмешку і руку, якая працягвае пачак глазураванага печыва «Шакашок».

Ролік менш чым за суткі сабраў мільён праглядаў, а каментатары рассыпаюцца ў кампліментах да аўтараў роліка і актрысы, патрабуючы даць ім Оскар або хаця б прэмію. 

«Дыямент сярод усіх гэтых ШІ-шных рэклам».

«Мая павага кіраўніцтву Слодыча, што давяраюць працу з сацыяльнымі сеткамі прафесіяналам, якія разумеюць спецыфіку тыктоку і робяць вельмі крутую сучасную натыўную рэкламу».

«Злавіць панічную атаку ад рэкламы печыва шанец нізкі, але не нулявы».

«Ды куплю я вашае печыва, толькі не рабіце з мяне начынку!» — пішуць каментатары.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула