БЕЛ Ł РУС

У пенсіянера ў Валожынскім раёне з дому зніклі $180 тысяч

2.11.2025 / 12:19

Nashaniva.com

У Валожынскім раёне ў 68‑гадовага пенсіянера з дому знікла буйная сума грошай — 180 тысяч долараў. Міліцыянтам удалося за суткі затрымаць падазраванага.

Пра знікненне грошай пенсіянер паведаміў у Валожынскі РАУС 29 кастрычніка.

Міліцыянтам удалося хутка затрымаць падазраванага. Ім аказаўся 31‑гадовы мінчанін, які быў знаёмы з пенсіянерам, бо раней у яго працаваў. Зламыснік ведаў, дзе гаспадар хавае ключ ад уваходных дзвярэй, і прабраўся ў дом, калі нікога не было.

Частку скрадзеных грошай выкрадальнік паспеў патраціць: ён набыў дарагі аўтамабіль, матацыкл, экіпіроўку, а таксама на забавы і арэнду транспарту.

Большую частку сумы ўдалося забраць і вярнуць пацярпеламу.

Скрадзеныя зберажэнні мужчына назапасіў, здаючы сваю нерухомасць у Мінску, і захоўваў іх дома, у кухоннай шафе і духоўцы. 

Затрыманаму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула