БЕЛ Ł РУС

На гэтым тыдні ЗША правядуць выпрабаванне міжкантынентальнай балістычнай ракеты

3.11.2025 / 22:49

Nashaniva.com

ЗША рыхтуюцца да запуску міжкантынентальнай балістычнай ракеты Minuteman III, здольнай несці ядзерную боегалоўку, паведамляе Newsweek. Гэта будзе першае выпрабаванне такой амерыканскай ракеты пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра намер аднавіць ядзерныя выпрабаванні.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: John Turner / U.S. Air Force via AP

Пуск запланаваны на 5 або 6 лістапада з базы Вандэнберг у штаце Каліфорнія. Ракета, якая не будзе мець ядзернай боегалоўкі, праляціць над Ціхім акіянам і павінна дасягнуць палігона супрацьракетнай абароны на атоле Кваджалейн (Маршалавы астравы).

Minuteman III — гэта цвёрдапаліўная ракета масай каля 36 тон, прынятая на ўзбраенне ЗША яшчэ ў 1970 годзе. На ўзбраенні амерыканскіх войскаў цяпер знаходзіцца каля 400 такіх ракет, і яны рэгулярна мадэрнізуюцца.

У Пентагоне адзначылі, што падобныя пускі праводзяцца некалькі разоў на год і не звязаныя з палітычнымі ці знешнімі абставінамі. Апошнія вучэнні адбыліся ў маі, а летась — двойчы.

Між тым за апошнія тыдні Расія таксама правяла шэраг выпрабаванняў сваіх стратэгічных узбраенняў, у тым ліку ракет «Буравеснік», «Ярс», «Сінява», а таксама тэст падводнага апарата «Пасейдон».

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Масква «адрэагуе адпаведна сітуацыі», калі ЗША парушаць дзейны мараторый на ядзерныя выпрабаванні.

Чытайце таксама:

«Такога ў свеце няма». Пуцін абвясціў пра выпрабаванні падводнага апарата «Пасейдон» з ядзернай устаноўкай

Нарвежская разведка: «Буравеснік» запусцілі з Новай Зямлі

Трамп адказаў Пуціну на выхвалянне ракетай «Буравеснік»

Пуцін пахваліўся выпрабаваннямі ракеты «з неабмежаванай далёкасцю»

Каментары да артыкула