БЕЛ Ł РУС

Забіваў пацыентаў, каб менш працаваць уначы. Гісторыя медбрата ў Германіі

7.11.2025 / 8:51

Nashaniva.com

Медыцынскага работніка паліятыўнай дапамогі ў Германіі асудзілі на пажыццёвае зняволенне. Яго прызналі вінаватым у забойстве 10 пацыентаў і замаху на забойства яшчэ 27, паведамляе Бі-бі-сі.

Фота: Danirom / Getty Images

Пракуратура сцвярджае, што мужчына, імя якога не раскрываецца, уводзіў пажылым пацыентам абязбольвальныя або седатыўныя прэпараты. Ён хацеў палегчыць сабе працу падчас начных змен.

Злачынствы былі здзейсненыя ў перыяд са снежня 2023 года па май 2024 года ў бальніцы горада Вюрзелен, што на захадзе Германіі.

Следчыя паведамляюць, што зараз правяраюць яшчэ некалькі падазроных выпадкаў, якія маглі адбыцца на працягу кар’еры медбрата.

Паводле звестак інфармацыйнага агенцтва AFP, мужчына працаваў у бальніцы Вюрзелена з 2020 года пасля таго, як у 2007‑м вывучыўся на медбрата.

Пракуроры заявілі, што абвінавачаны выяўляў «раздражненне» і недахоп эмпатыі да пацыентаў, якія патрабавалі больш інтэнсіўнага догляду. Яго абвінавацілі ў тым, што ён гуляў ролю «уладара жыцця і смерці».

На судзе паведамілі, што ён уводзіў пацыентам вялікія дозы марфіну і седатыўнага прэпарату мідазаламу, каб зменшыць нагрузку падчас начных змен.

Яго арыштавалі летась. Падчас вынясення прысуду суд адзначыў, што гэта злачынства з’яўляецца «асабліва цяжкім» і выключае магчымасць датэрміновага вызвалення пасля 15 гадоў зняволення.

Асуджаны можа абскардзіць прысуд.

Пракуроры паведамілі, што цяпер працягваецца эксгумацыя целаў, каб устанавіць іншых магчымых ахвяр.

Гэта гісторыя нагадвае забойствы, якія здзяйсняў іншы медыцынскі работнік — Нільс Гёгель, якога ў 2019 годзе асудзілі на пажыццёвае зняволенне за забойства 85 пацыентаў на поўначы краіны. Яго лічаць самым масавым забойцам у сучаснай Германіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула