Зяленскі: У Пакроўску 314 расійскіх вайскоўцаў. Украінскія СМІ: Гэта шмат, Пакроўск сыплецца
Сітуацыю называюць «больш чым крытычнай». З аповедаў вайскоўцаў паўстае карціна таго, што ўяўляюць сабой цяперашнія расійскія наступальныя аперацыі і на чым трымаецца абарона Украіны і, фактычна, усёй Еўропы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 4 лістапада правёў нараду з камандзірамі на лініі фронту. Фота: Ukrainian Presidential Press Office via AP
Пакроўск знаходзіцца на мяжы падзення. Баі за Пакроўск доўжацца амаль паўтара гады, з ліпеня 2024-га. Столькі часу спатрэбілася расійскай арміі, каб узяць 60‑тысячны ўкраінскі горад памерам з Кобрын. Гэта паказвае абмежаванасць патэнцыялу расійскай арміі. Аднак гэта ўсё адно балючы момант для Украіны і трагедыя для жыхароў. Яшчэ адзін горад Данбаса ператвораны ў руіны.
Сітуацыя ў Пакроўску стала тэмай брыфінгу прэзідэнта Украіны, які ён разам з міністрамі правёў для журналістаў 7 лістапада. Там ён, у прыватнасці, заявіў, што ў Пакроўску, паводле звестак вайскоўцаў, знаходзіцца 314 расійскіх вайскоўцаў, сітуацыя складаная, войскі РФ здзейснілі больш за 220 штурмаў за трое сутак, паведамляе ўкраінскае выданне «Суспільне».
Зяленскі таксама дадаў, што спробы расійскіх вайскоўцаў узяць Пакроўск накіраваныя на дэманстрацыю прэзідэнту ЗША Дональду Трампу свайго поспеху на полі бою.
Раней сёння ўдзень галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі заяўляў, што УСУ актывізуюць контрудары ў раёне горада Дабраполле, каб аслабіць ціск на Пакроўск.
Так выглядае Пакроўск пасля паўтарагадовай аблогі. Фота: Skala — 425th Separate Assault Regiment via AP
Пасля ліпеньскай зачысткі расіяне паўторна праніклі ў Пакроўск — гэта адбылося прыблізна ў сярэдзіне жніўня. З таго часу акупанты ўтварылі ў горадзе і вакол яго некалькі кропак назапашвання, з якіх яны рухаюцца далей — у раёне чыгункі, паміж Пакроўскам і Грышынам, а таксама па лініі Дачанскае-Новапаўлаўка-Гнатоўка.
Чытайце таксама: Прыхаванае пранікненне: якія змены ў тактыцы расійскай арміі паказаў штурм Пакроўска?
Лагістыка да горада знаходзіцца пад поўным кантролем дронаў, украінскія вайскоўцы ідуць да пазіцый па 10‑15 кіламетраў пешшу. Сітуацыя больш чым крытычная, піша ўкраінскае выданне «Украінская праўда».
Двое суразмоўцаў «Украінскай праўды» ў адной з брыгад, якая абараняе горад, пацвердзілі факты расстрэлу расіянамі ўкраінскіх аператараў БПЛА і ўступлення ў стралковы бой артылерыстаў і супрацьтанкістаў унутры горада. Ва ўкраінскіх вайскоўцаў застаюцца пазіцыі і на поўдзень ад Пакроўска, аднак сувязь з імі — мінімальная. Частка пазіцый размешчаная паміж пазіцыямі праціўніка — такая цераспалосіца цяпер характэрная для фронту. Частка пазіцый, адзначаюць украінскія журналісты, «увогуле фальшывыя — яны існуюць на мапах, аднак на іх альбо сядзяць параненыя вайскоўцы, альбо няма вайскоўцаў у прынцыпе. Украінскім абаронцам катастрафічна бракуе пяхоты».
«Пяхота практычна адрэзаная ад кіравання. Мы іх чуем [па рацыі], стараемся скідаць вадзічку, людзі па 2,5—3 месяцы на пазіцыях. Для нашай брыгады — гэта доўга, бо мы заўсёды стараліся праводзіць ратацыі. У самім Пакроўску, толькі з таго, што я ведаю — 250 пі*араў, насамрэч, думаю, лічба яшчэ большая. Практычна на кожнай вуліцы баі, у нас штодня ёсць 200 і 300. Вывесці параненых мы не можам, бо ў частцы пасадак ужо праціўнік. Цудам нам зранку ўдалося вывесці двух пехацінцаў, якія дайшлі да ваколіц Пакроўска, але потым прыляцеў FPV, і яны абодва цяжкія. Самая вялікая праблема — гэта тое, што цяжка праводзіць лагістыку. Частку дарогі можна пераадолець на аўто, але потым ісці пешшу 10—15 кіламетраў. І ўвесь гэты час несці БК (боекамплект), дроны, правізію. Уся дарога кантралюецца FPV-дронамі на оптавалакне, вельмі шмат дронаў-чакальнікаў, дыстанцыйнага мінавання, на якім штодня хтосьці гіне. НРК (наземны робат-комплекс) далі занадта позна», — расказаў выданню вайсковец.
«Справы развіваюцца па найгоршым сцэнары. Пакроўск сыплецца занадта хутка, мы такога не чакалі. На поўначы Мірнаграда ёсць трохі пі*араў, на поўдні прасочваюцца малыя групы, але ў цэлым сітуацыя лепшая, чым у Пакроўску», — падсумоўвае выданне.
На брыфінгу Уладзімір Зяленскі паведаміў таксама, што Украіна распачынае масавую вытворчасць уласных дронаў-мавікаў, а таксама выводзіць у прыярытэты распрацоўку эвакуацыйных дронаў.
Чытайце таксама:
Прыхаванае пранікненне: якія змены ў тактыцы расійскай арміі паказаў штурм Пакроўска?
У ГУР расказалі дэталі спецаперацыі ў Пакроўску і цяжкія баі там