Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў
Аляксандр Лукашэнка «цяпер раптам стаў вельмі гаваркім у СМІ, паказвае, які ён добры да нашага народа. Але нам ягоная дабрыня ў чатыры раніцы з ракетамі» [прыляцела], — заявіў 7 лістапада Уладзімір Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 4 лістапада наведаў лінію фронту пад Пакроўскам. Фота Ukrainian Presidential Press Office via AP
«Лукашэнку нельга забываць. Цяпер ён раптам стаў вельмі гаваркім у СМІ, паказвае, які ён добры да нашага народа. Але нам ягоная дабрыня ў чатыры раніцы, з ракетамі, якая прыйшла, — заявіў на брыфінгу 7 лістапада Уладзімір Зяленскі. — Нам яна не патрэбна. І калі ён думае, што сваімі словамі зможа крыху загаварыць нашу памяць, мы маладыя людзі, усё цудоўна памятаем. І ён усё роўна будзе плаціць за тое, што зрабіў, а менавіта — дапусціў наступ са сваёй тэрыторыі.
Пачатак поўнамаштабнай вайны прыляцеў па нас з тэрыторыі Беларусі. Ніхто гэта забываць не будзе», — цытуюць Уладзіміра Зяленскага ўкраінскія СМІ.
Ён паўтарыў, што не разглядае Беларусі ў якасці месца вядзення перамоваў. Пры гэтым, паводле слоў Зяленскага, Украіна выступае за перамовы ў любым фармаце, калі яны сапраўды прынясуць вынік.
«Безумоўнае выключэнне — гэта тэрыторыя Расіі і Беларусі», — падкрэсліў ён.
Падчас візіту ў Вашынгтон прэзідэнт Казахстана Касымжамарт Такаеў прапанаваў сваю краіну ў якасці пляцоўкі для далейшых перамоваў. Раней украінская і расійская дэлегацыя сустракаліся ў турэцкім Стамбуле.