БЕЛ Ł РУС

Уначы Расія нанесла ўдар па Украіне — у некалькіх абласцях загінулі людзі, ёсць параненыя

8.11.2025 / 08:50

Nashaniva.com

Вядома пра загінулых у Дняпры і Запарожскай вобласці. Сярод параненых ёсць дзеці.

У выніку масіраванай расійскай атакі на Дняпро адзін чалавек загінуў, 10 пацярпелі, сярод іх — двое дзяцей 2 і 13 гадоў, паведамляе УНІАН.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях. Там удакладнілі, што ўначы расійскі ўдарны дрон трапіў у 9‑павярховы жылы дом, што прывяло да разбурэння кватэр з 4‑га па 6‑ты паверх. На месцы прылёту ўзнік пажар, які ратавальнікі ўжо ліквідавалі.

Падчас аварыйна-выратавальных работ ратавальнікі дапамаглі 28 людзям, сярод іх — 5 дзяцей. Таксама ў кватэры на пятым паверсе знайшлі цела жанчыны.

Уначы пад ударам ворага таксама была Палтаўская вобласць. У выніку ўдараў абясточаны цэлы горад Гарышнія Плаўні. Мясцовая ўлада ўвяла рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Таксама расіяне ўдарылі і па Кіраваградскай вобласці. «Чарговая масіраваная атака ворага. Мэта — крытычная інфраструктура. У тым ліку і ў Александрыйскім раёне. Усе жывыя — і гэта галоўнае», — паведаміў кіраўнік АВА Андрэй Райковіч.

Ён дадаў, што падраздзяленні ДСНС аператыўна прыступілі да ліквідацыі пажару, праводзіцца абследаванне тэрыторыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула