Работніца клінінгавай кампаніі скрала вясельны пярсцёнак кліенткі
37‑гадовая жанчына працавала клінеркай у прыватнай кампаніі. Аднойчы ёй даручылі прыбраць кватэру на вул. Адоеўскага ў Мінску.
Pinterest.com
Падчас прыбірання яна зазірнула ў адну з шафак у калідоры і ўбачыла скрынку з каштоўнасцямі. Ёй спадабаўся залаты вясельны пярсцёнак з дыяментамі, які яна скрала, пішуць «Мінск-навіны».
Вярнуўшыся дадому, яна схлусіла свайму мужу, што ўпрыгожанне ёй падарыла маці. Паколькі ў іх сям’і было цяжкае матэрыяльнае становішча, мужчына прапанаваў здаць яго ў ламбард. Жонка не запярэчыла.
Выявіўшы прапажу пярсцёнка, пацярпелая звярнулася ў міліцыю, ацаніўшы шкоду ў 3 тысячы рублёў. Падазраваную хутка вывелі на чыстую ваду, у адносінах да яе завялі чарговую крымінальную справу.
— Абвінавачаная нідзе афіцыйна не працуе, на ўтрыманні мае 4‑гадовага сына, раней двойчы прыцягвалася да крымінальнай адказнасці — судзімасці пагашаныя, — пракаментаваў намеснік пракурора Фрунзенскага раёна Андрэй Сярбун. — Ёй выстаўлена абвінавачанне ў крадзяжы. Віну прызнала.
Шкода кампенсаваная шляхам вяртання пярсцёнка з ламбарда.