У Беларусі зменены механізм будаўніцтва жылля для тых, хто мае ў ім патрэбу
З 1 ліпеня 2025 года ў Беларусі скасаваны механізм долевага будаўніцтва жылля, якое атрымлівала дзяржаўную падтрымку. Пра гэта паведаміла старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава, піша «Мінск-Навіны».
Цяпер, паводле новага заканадаўства, жылыя дамы для грамадзян, якія стаяць на ўліку як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, будуць узводзіцца выключна ў рамках дзяржаўнага заказу — дольшчыкаў ужо не будзе.
Згодна з новым механізмам, Упраўленне капітальнага будаўніцтва будзе адкрываць на сябе крэдытную лінію ў банку, узводзіць дом, а затым рэалізоўваць гатовае жыллё грамадзянам.
Такім чынам, людзі будуць набываць ужо гатовую кватэру. Пры гэтым крэдытныя рэсурсы, якія УКС браў на будаўніцтва, будуць часткамі пераафармляцца на грамадзян, якія купляюць жыллё ў канкрэтным доме.