БЕЛ Ł РУС

У «Народнай Грамадзе» разборкі — у Спарыша забралі пасаду генеральнага сакратара, ён не згодны

9.11.2025 / 19:37

Nashaniva.com

Адна з прэтэнзій, якую выставілі былому палітвязню Сяргею Спарышу, — тое, што ён выказаў словы павагі Віктару Бабарыку з нагоды яго дня нараджэння.

Сяргей Спарыш. Фота: Радыё Свабода

«У мяне ўзнікла адчуванне, што сярод людзей, якія цяпер спрабуюць дэманстраваць лідарства ў «Народнай Грамадзе», занадта шмат людзей трошкі не нашых… Я б ахарактарызаваў іх як людзей з «Гавары праўду». Гэта не рэвалюцыянеры, зусім», — наракае былы палітвязень Сяргей Спарыш.

У «Народнай Грамадзе», аб’яднанні прыхільнікаў Міколы Статкевіча, раздрай сярод кіраўніцтва. Адразу варта ўдакладніць, што «партыя» — гэта вельмі ўмоўнае абазначэнне для беларускіх эміграцыйных палітычных рухаў.

Фактычна «Народная Грамада» (як і іншыя «партыі») — гэта проста замежная юрыдычная асоба. Няма ніякага мінімальнага ліміту сяброў, няма нейкай асобнай рэгістрацыі. Фактычна кожны ахвотны можа зарэгістраваць такую «партыю» на сваё імя.

На чале «Народнай Грамады» аказаўся Яўген Вільскі, былы полацкі афганец, які ў сярэдзіне 2010‑х быў у «Гавары праўду», лічыўся даверанай асобай Таццяны Караткевіч. Пасля далучыўся да Грамады, але быў на другасных ролях.

У 2020‑м Вільскі быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Ціханоўскай па Віцебскай вобласці.

Генеральным сакратаром — лічы, намеснікам — пры ім была Хелен Мінская — жанчына з фантазійным псеўданімам, якая не раскрывае сваё рэальнае імя. Мяркуючы з усяго, яна жыве ва Украіне і даволі блізкая да беларускіх добраахвотнікаў.

Допіс на канале Хелен Мінскай ад 11 верасня пра тое, што яна складае свае паўнамоцтвы выканаўцы абавязкаў генеральнага сакратара партыі і перадае іх Сяргею Спарышу. 

Калі ж у верасні 2025 года быў памілаваны і вывезены ў Літву былы генеральны сакратар «Народнай Грамады» Сяргей Спарыш, то Хэлен Мінская вярнула яму пасаду. А цяпер, выглядае, зноў забрала.

Апошнія дні актывісты «НГ» сварацца паміж сабой у фэйсбуку, высвятляюць, хто агент, хто алкаголік, а хто на каго збіраўся пісаць даносы ў літоўскія спецслужбы.

Сённяшні допіс на канале Хэлен Мінскай пра Спарыша і яго павагу да Віктара Бабарыкі, як прычыну зняцця таго з пасады генеральнага сакратара партыі.

Сварка паміж Хэлен Мінскай і Сяргеем Спарышам пад допісам. 

Сёння Хэлен Мінская перапосціла ў свой тэлеграм-канал на 130 падпісчыкаў допіс Сяргея Спарыша, у якім той віншуе з днём нараджэння Віктара Бабарыку. Яе гэтае віншаванне відавочна абурыла. «Частковы адказ на пытанне, чаму Спарыша знялі з пасады генеральнага сакратара партыі «Народная Грамада», — пракаментавала яна і ўдакладніла, што пытанне ў яго пазіцыі. Маўляў, пазіцыя Спарыша прарасійская, а гэта недапушчальна ва ўмовах інтэрвенцыі.

«Наша Ніва» спытала ў былога палітвязня, што ж за канфлікт адбыўся і ці насамрэч яго адправілі ў адстаўку.

«Калі я выйшаў, я быў трошкі здзіўлены тым, у якім стане мая партыя «Народная Грамада». Але першым званочкам для мяне было тое, у якім стане партыйныя каналы. Яны не вяліся практычна апошнія тры гады праз тое, што чалавека, які гэтым займаўся, у якога было даручэнне Мікалая Статкевіча займацца партыйнымі каналамі, па сутнасці з партыі выперлі. А больш рабіць гэта не было каму, усім астатнім было на гэту справу пляваць.

Вядома, вялася нейкая праца, але тым не менш гэта трошкі не тая партыя, з якой я хацеў бы звязваць сваё жыццё. Хацелася б, каб яна трошачкі зноў змянілася, і каб гэта зноў была партыя 2020 года, партыя Мікалая Статкевіча», — патлумачыў Спарыш.

Ён па-ранейшаму лічыць сябе генеральным сакратаром. «Што тычыцца таго, што мяне нібыта знялі з партыйнай пасады, то я адзначу, што мяне прызначаў партыйны з'езд, а зараз нейкія некалькі чалавек, парушаючы свае новыя статуты, сказалі, што цяпер нібыта я не генеральны сакратар.

Я, калі шчыра, гэтымі пасадамі не надта цікаўлюся, я не бачу асаблівага сэнсу ў гэтых пасадах, але ў дадзеным выпадку гэта прынцыпова, бо парушаюцца ўсе законы божыя і чалавечыя», — кажа былы палітвязень.

«А што там лічаць некалькі чалавек, якія перабеглі да нас з «Гавары праўду», ну дык гэта іх справа», — падсумоўвае Спарыш.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула