БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік BBC пайшоў у адстаўку праз адрэдагаваную прамову Трампа

9.11.2025 / 22:25

Nashaniva.com

Гендырэктар BBC Цім Дэйві і кіраўніца падраздзялення навін BBC News Дэбара Цёрнэс падалі ў адстаўку пасля скандалу з адрэдагаванай прамовай Дональда Трампа — мантаж стварыў уражанне, быццам былы прэзідэнт ЗША заклікаў да беспарадкаў у Капітоліі.

Прамова Трампа на «Маршы Выратавання Амерыкі» 6 студзеня 2021 года. Скрыншот трансляцыі

Пра гэтае паведаміла Брытанская вяшчальная карпарацыя.

Раней газета The Telegraph паведамляла, што, паводле ўнутранай службовай запіскі BBC, праграма «Panorama» змантавала дзве часткі прамовы Трампа такім чынам, каб склалася ўражанне, быццам ён адкрыта падбухторваў да беспарадкаў у Капітоліі ў студзені 2021 года. На гэтым фоне лідар апазіцыйнай Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі Кемі Бадэнак заклікала да адставак у BBC.

Брытанская вяшчальная карпарацыя апублікавала заяву Ціма Дэйві, зробленую пасля яго адстаўкі:

«Як і ўсе дзяржаўныя арганізацыі, BBC не ідэальная, і мы заўсёды павінны быць адкрытымі, празрыстымі і падсправаздачнымі. Хоць гэта не адзіная прычына, цяперашняя дыскусія вакол BBC News, з зразумелых прычынаў, паўплывала на маё рашэнне. У цэлым BBC працуе добра, але былі дапушчаныя некаторыя памылкі, і як генеральны дырэктар я павінен узяць на сябе канчатковую адказнасць».

Дэбора Цёрнэс у асобнай заяве сказала, што адказнасць за тое, што адбылося, ляжыць на ёй.

Цім Дэйві працаваў у BBC з красавіка 2005 года і ўзначальваў карпарацыю з верасня 2020-га.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула