«Арэшнік» нам патрэбны, а «Пасейдон» і «Буравеснік» — не. Лукашэнка — пра задачы для ВПК
«Асноўныя ўзбраенні трэба мець свае».
Беларусь павінна распрацоўваць і мець свае ўзбраенні. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе ў Мінску.
Паводле яго слоў, Беларусь дзякуючы Расіі сёння мае тактычную ядзерную зброю, а ўжо ў снежні на баявое дзяжурства паступіць комплекс «Арэшнік».
«Сёння ў нас добрыя адносіны з брацкай Расіяй, з брацкай дзяржавай. «Арэшнік», ядзернае ўзбраенне… «Буравеснік», «Пасейдон» нам не патрэбны, вядома. Таму што гэты «Буравеснік» лётае суткі, можна запусціць з Уладзівастока — ён любую кропку паразіць. Навошта яго цягнуць на перадавую? Ці, дапусцім, «Пасейдон». Што мы, на Нарачы будзем «Пасейдон» запускаць?» — кажа Лукашэнка.
Тым не менш, мяркуе ён, калі гаворка ідзе пра абараназдольнасць краіны, спадзявацца толькі на такія віды ўзбраення, як «Арэшнік» і тактычная ядзерная зброя, нельга.
«Так, сапраўды, расіяне дапамагалі, дапамагаюць і будуць дапамагаць з прычыны той палітыкі, якую мы праводзім у дачыненні да Расіі. Але асноўныя ўзбраенні нам трэба мець свае, — кажа Лукашэнка. — Яшчэ раз падкрэсліваю: ракеты — гэта добра. Але ваяваць будуць людзі. І тыя ўзбраенні, якія людзям патрэбны, мы павінны ствараць. Не будуць так эфектыўныя беспілотнікі ў нас, як у стэпе і гэтак далей. У нас лясны масіў, не так проста беспілотнікамі ваяваць».
Ён дадаў, што гаворка ідзе пра такія віды ўзбраення, як аўтаматы, кулямёты і пісталеты, а таксама пра ваенную тэхніку.
«Прыехала ваенная тэхніка (дзесяць салдат — аддзяленне) — канфлікт ва Украіне паказвае гэта — мабільныя групы нанеслі ўдар і збеглі. На гэтай жа машыне з’ехалі хутка. Мы маем такія машыны. Ды і кітайцы нам прапануюць, расіяне. Але ў нас свае вельмі добрыя — «Волат» — выпускаем аўтамабілі, — сказаў ён. — Усё роўна гэты род войскаў [у выпадку ваеннага канфлікту] будзе вырашаць гэтыя праблемы на нашай тэрыторыі. На іншых тэрыторыях мы не збіраемся ваяваць. Нам не трэба захопліваць Літву, Латвію, Польшчу. Нам сваёй зямлі дастаткова, таму мы будуем сваю абарону».