Замежная фірма атрымала ад беларускіх прадпрыемстваў 825 тысяч еўра, але заказу выконваць не збіралася
Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла пра крымінальную справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры, якая расследуецца ў дачыненні замежнай кампаніі, што атрымала грошы ад беларускіх прадпрыемстваў, але не збіралася выконваць узятыя на сябе абавязкі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Як высветлілася, лізінгавая кампанія і некалькі лесагаспадарчых прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці ў 2021 годзе падпісалі дамовы на пастаўку лесапільных ліній агульным коштам каля 2,6 мільёна беларускіх рублёў. Для гэтага беларускі бок пералічыў замежнай фірме больш за 825 тысяч еўра.
Аднак пасля атрымання сродкаў пастаўкі так і не адбыліся. Замежнае прадпрыемства заявіла пра банкруцтва і спрабавала спаслацца на санкцыі Еўрапейскага саюза, нібыта яны перашкодзілі выкананню дамоваў.
Праверка, аднак, паказала, што кіраўнік і ўласнік фірмы з самага пачатку не меў намеру пастаўляць абсталяванне. Кампанія была зарэгістраваная толькі ў 2020 годзе, не мела ні работнікаў, ні рэальнай вытворчасці, ні падатковых выплат. На яе сайце былі размешчаныя фальшывыя звесткі пра дзейнасць.
У Генпракуратуры адзначылі, што спасылкі на форс-мажор і санкцыі не могуць апраўдаць аднабаковую адмову ад выканання дамоваў і разглядаюцца як спосаб незаконнага авалодання чужымі сродкамі.
Цяпер паводле справы праводзіцца папярэдняе расследаванне, а следчыя правяраюць кіраўніцтва прадпрыемства, якое магло быць датычным да гэтай махлярскай схемы.
Чытайце таксама:
Сінгапур уводзіць абавязковае лупцаванне розгамі як пакаранне для анлайн-махляроў
Грамадзянку Беларусі арыштавалі за незаконны ўвоз авіяцыйных складнікаў з ЗША ў Расію