Махляры прапануюць праз інтэрнэт набыць тэхніку, «канфіскаваную на мытні»
Дзяржаўны мытны камітэт звярнуў увагу на махлярскую схему, якая здзяйсняецца праз інтэрнэт ад імя гэтай структуры. Паводле яго паведамлення, у інстаграме з’явіўся чарговы падроблены акаўнт, праз які ашуканцы нібыта прадаюць бытавую і камп’ютарную тэхніку, «канфіскаваную на мытні».
Старонка пад назвай customs_belarus зроблена так, каб выглядаць як афіцыйны профіль мытных органаў. У рэкламе прапануюць смартфоны, халадзільнікі, пральныя машыны і іншую тэхніку па вельмі нізкіх цэнах. Пакупнікам прапануюць перайсці па спасылцы і зрабіць заказ з абавязковай перадаплатай.
Падобная схема махлярства зафіксавана і ў тэлеграме — у канале пад назвай «Склад», дзе шмат падпісчыкаў і публікуюцца нібыта рэальныя фота мытных складоў. «Прадаўцы» абяцаюць дастаўку «да дзвярэй», але патрабуюць аплаціць або ўсю суму, або палову цаны загадзя. Пасля атрымання грошай яны знікаюць і не выходзяць на сувязь.
Мытныя органы нагадваюць: яны толькі канфіскуюць тавары, незаконна завезеныя праз мяжу, але рашэнне пра іх канфіскацыю прымае суд. Рэалізоўваць такія тавары могуць толькі арганізацыі, зацверджаныя Дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці пры Упраўленні справамі Лукашэнкі, а сама мытня да гэтага дачынення ўжо не мае.
Чытайце таксама:
Махляры выманілі ў жыхара Баранавічаў 16 тысяч рублёў і адправілі па дакументы ў Казахстан
У Гомелі раскрылі буйную схему махінацый з таксаматорнымі перавозкамі
Мінчанка аддала махлярам усе грошы, але сфатаграфавала 85‑гадовага кур'ера