Прэм'ер Літвы: Мы чакаем першага кроку ад Мінска
Інга Ругінене кажа, што пакуль ідуць дыскусіі адносна магчымых перамоў з Беларуссю, выкарыстоўваюцца ўсе дыпламатычныя каналы, аднак чакаецца першы крок з Мінска, паведамляе LRT.
«Сапраўды ўсе дыпламатычныя каналы актываваны, каб вырашыць сітуацыю. І межы з Беларуссю не зачыненыя проста так — яны зачыненыя з-за гібрыднай атакі. Як толькі мы атрымаем пацвярджэнне з боку Беларусі, што атакі ўрэгуляваныя (…), мы прымем рашэнне адкрыць мяжу», — у чацвер журналістам сказала прэм’ер.
Учора міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што афіцыйны Мінск гатовы да перамоў у любы момант, на любой тэрыторыі і без папярэдніх умоў.
«Калі літоўскі бок сапраўды гатовы захоўваць інтарэсы сваіх грамадзян, сапраўды гатовы выбудоўваць свае дзеянні ў адпаведнасці з патрэбамі і патрабаваннямі тых прадпрымальнікаў, якія ў цяперашні час пакутуюць ад гэтых аднабаковых мер Літоўскай Рэспублікі, то ён у найбліжэйшы час пазітыўна адкажа на нашы прапановы», — сказаў учора міністр.
Літва закрыла мяжу з Беларуссю ў канцы кастрычніка да 30 лістапада. Прычынай сталі неаднаразовыя парушэнні паветранай прасторы краіны метэаралагічнымі зондамі, што прыводзіла да паралізацыі працу аэрапорта Вільні.
Лукашэнка ўчора прыняў з дакладамі міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, старшыню Памежнага камітэта Канстанціна Моластава і міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. Нарада тычылася сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, а таксама літоўскіх фураў, што аказаліся заблакаванымі ў Беларусі.