БЕЛ Ł РУС

«Лукашэнка-стайл». Генпракурор Польшчы выйшаў публічна пасячы дровы і даў нагоду для кпінаў

13.11.2025 / 22:8

Nashaniva.com

Міністр юстыцыі і генпракурор Польшчы Вальдэмар Журэк апублікаваў у сацсетцы X відэа, дзе ён паказвае, як правільна секчы дровы. Так ён павіншаваў прафесіяналаў з Сусветным днём лесаруба, які адзначаецца 12 лістапада. Аднак нават польскія каментатары адразу ж угледзелі ў гэтым падабенства з Аляксандрам Лукашэнкам, які таксама вядомы сваёй любоўю да публічнай дэманстрацыі гэтага занятку, піша Most.

«Сёння мы павучымся, як добра сячы дровы так, каб не прычыніць сабе шкоды і каб быў добры эфект. Сякера — гэта аснова. Добры інструмент, добры цурбан, роўна ўсталяваны і роўна нарэзаныя калкі. Вельмі здорава. Трохі сілы і трошкі вытрымкі», — вучыць міністр, перад тым як прыступіць да справы.

Пасля ён па-майстэрску рассякае кавалак дрэва.

«Дровы сякуць — трэскі ляцяць», — дадаў ён і павіншаваў лесарубаў.

Pozdrowienia dla Wszystkich drwali, dziś nasze święto!

12 listopada to Światowy Dzień Drwala pic.twitter.com/aoQPgsGRHd

— Waldemar Żurek (@w_zurek) November 12, 2025

Гэты пост не абышлі ўвагай польскія апазіцыйныя палітыкі і журналісты. Выданне DoReczy (у сістэме польскіх медыя яно характарызуецца як правае) сабрала дасціпныя выказванні, у якіх каментатары знайшлі падабенства паміж Журэкам і Лукашэнкам.

«Вучань перасягнуў настаўніка», — напісала дэпутатка Еўрапарламента ад партыі «Права і справядлівасць» Анна Залеўская і размясціла фота Лукашэнкі перад расколатым напалам цурбаном.

«Тыя самыя стандарты. Шміт вядзе сацсеткі Журэка?» — напісаў дэпутат ад таго ж «ПіСа» Дарыюш Мацецкі, маючы на ўвазе польскага суддзю Томаша Шміта, які ўцёк у Беларусь. І прыклаў відэа, дзе Лукашэнка працуе сякерай на чэмпіянаце па біцці дроў сярод беларускіх журналістаў.

«Лукашэнка-стайл», — пракаментаваў Яцэк Лізінкевіч, журналіст іншага выдання правага толку Gazeta Polska.

Чытайце таксама:

Эйсмант апраўдвалася, чаму Лукашэнка праігнаруе чэмпіянат па колцы дроў

«І зноў кульгавы дыябетык з пастаяннай задышкай выжыльваецца ды пнецца паказаць, што ён не толькі гігант думкі»

Лукашэнка ў Душанбэ не хадзіў на кароткую прагулку з лідарамі краін СНД

Каментары да артыкула