Беларуску з рэдкай групай крыві, што трапіла ў ДТЗ у Тайландзе, выратавала жыхарка Крыма
Жыхарка Ялты з рэдкай групай крыві прыняла ўдзел у выратаванні грамадзянкі Беларусі, цяжка пацярпелай у ДТЗ у Тайландзе. Пра гэта паведамляе «РІА Навіны Крым».
Настасся Ясюкевіч
6 лістапада экскурсійны мікрааўтобус з турыстамі з Расіі і Беларусі перакуліўся і ўпаў з узвышша. Два чалавекі трапілі ў рэанімацыю. Сярод цяжка пацярпелых апынулася 28‑гадовая грамадзянка Беларусі. Яна страціла шмат крыві, ёй было неабходна пераліванне. Аднак узнікла складанасць, паколькі ў пацярпелай трэцяя адмоўная група крыві (B(III) Rh-), якая з’яўляецца рэдкасцю сярод мясцовага насельніцтва.
На заклік аб дапамозе адгукнулася Юлія Максімава, грамадзянка Расіі, якая пражывае ў акупаванай Ялце. Апошні год яна з сям’ёй жыве ў Тайландзе, «але больш як турысты».
У 28‑гадовай беларускі Настассі Ясюкевіч — шматлікія пераломы: рэбры, скула, пазваночнік. Жанчыне выдалілі селязёнку і жоўцевы пузыр.
Чытайце таксама:
Для пацярпелай у жудаснай аварыі ў Тайландзе 28‑гадовай беларускі знайшлі донараў крыві