У Мастоўскім раёне прадаюць за сімвалічную цану дзіцячы лагер
У Мастоўскім раёне на Гродзеншчыне выставілі на аўкцыён спартыўна-аздараўленчы лагер «Алімпіец». Комплекс будынкаў плошчай каля 400 квадратных метраў і вялікі зямельны ўчастак прадаюцца на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» па пачатковай цане ўсяго 210 рублёў, піша Office Life.
Фота: БУТБ-Маёмасць
Гэты лагер будаваўся паступова з 1961 да 2011 года. У склад уваходзіць галоўны драўляны корпус з пячным ацяпленнем, летні домік, харчблок і некалькі прыбудоў. Новы ўладальнік атрымае ў арэнду на 50 гадоў участак плошчай 1,5 гектара ў маляўнічым месцы — побач працякаюць рэкі Нёман, Зазулька і Ельня, а таксама тут знаходзяцца два возеры.
Цяпер «Алімпіец» належыць абласному цэнтру алімпійскага рэзерву па веславальных відах спорту. Паводле ўмоваў продажу, пакупнік мусіць распачаць гаспадарчую дзейнасць на тэрыторыі лагера праз два—чатыры гады пасля заключэння дамовы — улічваючы магчымую рэканструкцыю або знос будынкаў. Электронныя таргі прызначаныя на 15 снежня.
Участак можна выкарыстоўваць для аб’ектаў спорту і аздараўлення, але пры ўзгадненні з мясцовымі ўладамі дапускаецца змяніць яго прызначэнне. Напрыклад, будынкі можна пераабсталяваць пад жылыя памяшканні або выкарыстоўваць маёмасць для асабістай гаспадаркі.
Нядаўна пад Мінскам прыватная мэблевая кампанія набыла на таргах былы дзіцячы лагер «Кіравец» за 2,9 мільёна рублёў.
Чытайце таксама:
У Віцебску хочуць прадаць праз аўкцыён частку чыгуначнага вакзала
На таргі трапіў загадкавы недабудаваны замак з 1990‑х недалёка ад Мінска
Беларускі бізнэсмен аднаўляе гістарычны палац Любамірскіх у Беластоку. Там будзе гатэль і рэстаран