Сузаснавальнік Вікіпедыі пратрымаўся на інтэрв'ю ўсяго 48 секунд
У Германіі прайшло адно з самых кароткіх сёлетніх інтэрв'ю: сузаснавальнік Wikipedia Джымі Уэйлс пайшоў са студыі пасля 48 секунд размовы з журналістам і блогерам Ціла Юнгам, паведамляе Bild.
Джымі Уэйлс. Фота: Wikimedia Commons
Юнг пачаў размову з пытання, ці з'яўляецца Уэйлс адзіным заснавальнікам Вікіпедыі. Уэйлс рэзка адрэагаваў: «Гэта не важна. Гэта самае недарэчнае пытанне ў свеце. Называйце мяне як хочаце».
Калі вядучы паспрабаваў удакладніць фармулёўку, Уэйлс раззлаваўся: «Я ўжо чатыры разы адказаў. Гэта не важна. Ведаеце што? Я скончыў. Дзякуй». Пасля гэтага ён пакінуў студыю.
Юнг, які застаўся ў кадры адзін, толькі заўважыў: «Добра. Самае кароткае інтэрв'ю на гэтым канале. Да пабачэння».
Рэзкая рэакцыя Уэйлса звязаная з ягоным шматгадовым канфліктам з Лары Сэнгерам — другім стваральнікам Вікіпедыі. Сэнгер абвінавачваў Уэйлса ў тым, што той часам прадстаўляў сябе як адзінага заснавальніка праекта. На самой Вікіпедыі абодва па-ранейшаму пазначаны як «сузаснавальнікі».
Чытайце таксама:
Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»
Пасля рэпрэсій супраць рэдактараў беларускія раздзелы Вікіпедыі б'юць антырэкорды