БЕЛ Ł РУС

Папа Леў XIV адправіўся ў першае замежнае падарожжа ў маленькі гарадок у Турцыі

27.11.2025 / 11:14

Nashaniva.com

Леў XIV пачаў сваё першае падарожжа, у межах якога наведае дзве краіны: Турцыю і Ліван.

Фота: Ватыканскія навіны

Раніцай 27 лістапада ён вылецеў з рымскага аэрапорта «Ф’юмічына» ў кірунку Анкары, паведамлюць «Ватыканскія навіны».

Папскае падарожжа ў Турцыю пройдзе з 27 па 30 лістапада. Візіт прымеркаваны да 1700‑годдзя Нікейскага Сабора — першай вялікай экуменічнай падзеі ў гісторыі хрысціянства. Яго кульмінацыйным момантам стане наведванне горада Ізнік, старажытнай Нікеі, дзе каля месца археалагічных раскопак старажытнай базілікі святога Неафіта пантыфік возьме ўдзел у экуменічнай малітоўнай сустрэчы з патрыярхам Канстанцінопальскім Варфаламеем І, прадстаяцелямі і прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх цэркваў.

Візіт Льва XIV у Ліван адбудзецца з 30 лістапада па 2 снежня 2025 года пад дэвізам «Шчаслівыя міратворцы». Папа сустрэнецца з уладамі, духавенствам, вернікамі і наведае Марыйны санктуарый у Харысе, каталіцкі шпіталь, а таксама памоліцца на месцы выбуху аміячнай салетры ў порце Бейрута ў жніўні 2020 года, у выніку якога загінулі 210 чалавек, шэсць тысяч атрымалі раненні, былі разбураныя некалькі сотняў будынкаў, 300 тысяч чалавек засталіся без даху над галавой.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула