БЕЛ Ł РУС

З «памілаванага» ксяндза Генрыха Акалатовіча хочуць спагнаць вялізны штраф

28.11.2025 / 22:7

Nashaniva.com

Больш за тыдзень мінуў пасля вызвалення праз памілаванне Лукашэнкам палітзняволеных беларускіх каталіцкіх святароў — Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча. Абодва ксяндза цяпер у Ватыкане, але пераслед іх у Беларусі не спыняецца, піша Katolik.life.

Генрых Акалатовіч

Вернікі даведаліся, што ксяндза Генрыха Акалатовіча чакае новы суд у Беларусі. Гаворка ідзе пра забарону яму выезду за мяжу, нягледзячы на тое, што ён ужо знаходзіцца за межамі краіны. Суд у Баранавіцкім раёне прызначаны на 2 снежня.

Прычынай абмежавання стаў вялікі доўг, прыпісаны святару. Раней, па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве», яго асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі і абавязалі выплаціць шкоду дзяржаве ў памеры 1,7 мільёна рублёў (прыкладна 500 тысяч еўра). У сувязі з гэтым быў накладзены арышт на маёмасць і буйныя сумы грошай, знойдзеныя пры затрыманні. Вядома, аднак, што маёмасць належыць парафіі, а большая частка грошай — сваякам святара, а не яму асабіста.

Усё гэта выглядае дзіўна, бо афіцыйна паведамлялася пра памілаванне ксяндза Акалатовіча. Выходзіць, што «памілаванне» было толькі частковым і не закранула фінансавыя абавязкі.

Абодва вызваленыя ксяндзы пакуль застаюцца ў Ватыкане, сувязі з імі няма — яны не могуць кантактаваць з прэсай і ўдзельнічаць у афіцыйных сустрэчах. На апошняй генеральнай аўдыенцыі Папы Рымскага перад яго паездкай у Турцыю беларускія святары заўважаныя не былі.

Чытайце таксама:

Эйсмант: Двух каталіцкіх святароў памілавалі па просьбе Папы Льва XIV

Праваабаронцы: КДБ спрабаваў выкарыстаць святара Акалатовіча, каб завабіць у пастку нунцыя

Ціханоўская павітала вызваленне каталіцкіх святароў

Каментары да артыкула