БЕЛ Ł РУС

Нетаньяху просіць аб памілаванні ў карупцыйнай справе. За яго заступіўся і Трамп

30.11.2025 / 16:37

Nashaniva.com

Расследаванне супраць Нетаньяху аб карупцыі вядзецца шмат гадоў.

Біньямін Нетаньяху. Фота: Win McNamee/Getty Images

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху папрасіў аб памілаванні ў сувязі з абвінавачваннямі ў карупцыі. Як пацвердзіла ўпраўленне прэзідэнта Іцхака Герцага, афіцыйны запыт аб памілаванні паступіў як ад самога прэм'ера, так і ад ягонага адваката, піша Bild.

Прашэнне накіруюць у Міністэрства юстыцыі, дзе складуць прававое заключэнне, а затым каманда Герцага падрыхтуе рэкамендацыю рашэння. Ужо цяпер, аднак, адміністрацыя прэзідэнта падкрэслівае, што «гаворка ідзе пра выключнае хадайніцтва з далёкасяжнымі наступствамі».

На працягу многіх гадоў супраць Нетаньяху вядзецца расследаванне аб карупцыі. Прэм'ера абвінавачваюць у атрыманні раскошных падарункаў ад знаёмых мільярдэраў на суму каля 174 000 еўра — сярод іх дарагія ўпрыгажэнні, элітныя цыгары і ружовае шампанскае. Нетаньяху заўсёды адхіляў абвінавачванні і называў тое, што адбываецца, «паляваннем на ведзьмаў».

Дадатковы рэзананс у справе выклікаў Дональд Трамп. Прэзідэнт ЗША заклікаў Герцага памілаваць Нетаньяху. Трамп напісаў яму ў лісце, што паважае незалежнасць ізраільскай судовай сістэмы, але лічыць абвінавачванні палітычна матываванымі і неабгрунтаванымі.

Дыскусія аб магчымым памілаванні ў Ізраілі ідзе ўжо даўно. Прэзідэнт Герцаг раней заяўляў, што ніхто не стаіць вышэй за закон, але таксама падкрэсліваў, што будзе прымаць рашэнне згодна са сваім сумленнем. Апазіцыя абураная і ідэю памілавання рэзка крытыкуе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула