Апублікаваная канцэпцыя аднаўлення млына і капліцы ў Лошыцкім парку
Грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі рэканструкцыі капліцы і млына, размешчаных у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе, стартуе 1 снежня, пішуць «Мінск-Навіны».
Гэтай восенню на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу адкрыліся адразу некалькі аб’ектаў у рэканструяваных гістарычных будынках, якія доўгі час стаялі незапатрабаванымі.
Тады ж старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў паведаміў, што горад мае намер аднавіць пазасталыя аб’екты на тэрыторыі гістарыка-культурнай каштоўнасці — млын і капліцу, якія пакуль што знаходзяцца ў неналежным стане.
І вось на абмеркаванне мінчан прапанавана канцэпцыя, з якой бачна, як будуць выглядаць згаданыя аб’екты, што захаваліся толькі часткова.
Па фотаздымках і архіўных матэрыялах удалося даведацца, што капліца-усыпальня Прушынскіх, пабудаваная ў XVIII стагоддзі, уяўляла сабой васьміграннік з шатровым дахам, які завяршаў купал на барабане. Фасады былі дэкараваныя пілястрамі, сцены фасадаў завяршаліся франтонамі з ляпным дэкорам, карнізам. Пакрыццё даху было спачатку з гонту, а затым — з металу. У такім выглядзе капліцу і плануюць узнавіць. Захаваўся нават малюнак аконнай сталяркі, які дазволіць аднавіць яе выгляд.
Што датычыць млына, то гэта быў 3‑павярховы цагляны неатынкаваны будынак памерамі прыкладна 13 на 26 метраў. Пабудаваны ён па праекце 1901 года. Галоўны фасад у той час дэкаравалі пілястры, міжпавярховыя цягі, «сухарыкі», аконныя і дзвярныя праёмы упрыгожвалі сандрыкі. Да будынка прымыкала невялікая тэхналагічная прыбудова з боку ракі. Яна не захавалася, але пры рэстаўрацыі гэты аб’ём плануюць узнавіць.
Па прапанаваных матэрыялах бачна, што ў будынку хочуць размясціць невялікі музей з млынавым механізмам для дэманстрацыі працы гістарычнага млына. Таксама на трох паверхах плануюцца пякарня, кафетэрый, невялікія кавярні і банкетная зала, а таксама памяшканне, дзе можна праводзіць майстар-класы.
Абмеркаванне канцэпцыі працягнецца да 15 снежня ўключна. Дасылаць свае водгукі можна да гэтай даты па адрасе: 220006, г. Мінск, вул. Маякоўскага, 83, або па электроннай пошце: len.stroi@minsk.gov.by.
Млын у 1930-я