Цэны на жывыя навагоднія ёлкі сёлета будуць меншыя, чым летась
Першымі цэны на навагоднія дрэвы апублікавалі лясгасы Гомельскай вобласці, якія плануюць прадаць іх не менш за 17 тысяч. Іх будуць рэалізоўваць на традыцыйных ёлачных базарах і кірмашах, а таксама непасрэдна са складоў лясніцтваў і лясгасаў, паведамілі ў Гомельскім аблвыканкаме.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Цікава, што сёлетнія цэны, як выглядае, ніжэйшыя за мінулагоднія:
- да 1 метра — у сярэднім 8,5—12 рублёў;
- ад 1 да 2 метраў — 11—14 рублёў;
- ад 2 да 3 метраў — 15,50—20 рублёў.
Летась мінімальная цана, названая Гомельскім аблвыканкамам, была 11 рублёў (амаль на 30% больш), а максімальная даходзіла да 30 рублёў (на 50% вышэй).
Сёлета гэтыя кошты таксама ніжэйшыя за тыя, што перад мінулым Новым годам публікавала Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Нават «прыкладныя рознічныя цэны» міністэрства — якія былі прыкладна ў паўтара раза ніжэйшыя за рэальныя ў некаторых лясгасаў — усё ж выглядалі вышэй за актуальныя:
- да 50 сантыметраў — 5 рублёў;
- да 1 метра — 13 рублёў;
- да 2 метраў — 16 рублёў;
- да 3 метраў — 23 рублі.
Чытайце таксама:
У Віцебску і Мінску ўжо ставяць навагоднія ёлкі
Жыхары Брэста ўжо паставілі і ўпрыгожылі высокую навагоднюю ёлку