БЕЛ Ł РУС

На наступным тыдні літоўскія перавозчыкі плануюць пратэст у цэнтры Вільні на праспекце Гедыміна

3.12.2025 / 8:38

Nashaniva.com

Паколькі расце незадаволенасць і гнеў сярод незалежных перавозчыкаў, якія не могуць вярнуць свае грузавікі з Беларусі, асацыяцыя Linava плануе правесці акцыю пратэсту ў Вільні 10 снежня, паведаміў прэзідэнт арганізацыі Эрландас Мікенас, паведамляе Delfi.lt.

«Перавозчыкі абураюцца, у асноўным тыя, хто не ўваходзіць ні ў якія асацыяцыі. Мы бачылі, што яны плануюць перакрыць трасу М1 каля Марыямпаля (траса вядзе ў Польшчу — НН). Таму, каб адцягнуць іх увагу і прымусіць адмовіцца ад такіх планаў, мы арганізуем мірную акцыю на праспекце Гедыміна», — сказаў Мікенас.

«Мы падалі заяўку на 10 снежня. У сераду мы абмяркуем яе ва ўрадзе, і тады пабачым, ці атрымаем мы гэтую дату», — дадаў ён.

Паводле слоў прэзідэнта Linava, галоўная мэта асацыяцыі — дамагчыся таго, каб перавозчыкі не блакіравалі дарогі і тым самым не перашкаджалі працы сваіх калег, а таксама не стваралі нязручнасцяў для грамадскасці.

«Мы паставілі пытанне перад незалежнымі перавозчыкамі: каго вы збіраецеся блакіраваць каля Марыямпаля? Напэўна, тых жа сваіх калег, якія едуць у Заходнюю Еўропу, або ж мы створым нязручнасці для грамадскасці, чыя думка пра перавозчыкаў і так не вельмі добрая», — прызнаў Мікенас.

Паводле яго слоў, з пачатку крызісу грузаперавозак страты, паводле ацэнак транспартных кампаній, ужо дасягнулі амаль 100 млн еўра і растуць з кожным днём.

«Пратэставаць хочуць тыя, хто не можа вярнуць свае транспартныя сродкі. Мы пачалі падлічваць страты — і лічбы жудасныя: мы набліжаемся да 100 млн еўра, і гэтая сума расце штодня. Акрамя таго, ёсць штодзённая страта даходаў — кожная фура, якая стаіць і не працуе, звычайна павінна прыносіць каля 10 тыс. еўра даходу ў дзень», — адзначыў кіраўнік Linava.

Пасля актывізацыі патоку метэазондаў з кантрабандай з Беларусі, якія неаднаразова парушалі працу аэрапортаў, у кастрычніку Урад на месяц, да 30 лістапада, закрыў апошнія пункты пропуску «Меднікі» і «Салечнікі» на мяжы з Беларуссю.

Аднак гэтыя два пункты пропуску былі адкрыты крыху раней, матывуючы гэта паляпшэннем сітуацыі.

У сваю чаргу, Мінск пасля закрыцця мяжы Літвой забараніў рух зарэгістраваных у Літве грузавікоў па тэрыторыі Беларусі. Было абвешчана, што перавозчыкі, якія затрымаліся на мяжы, будуць вымушаныя ставіць свае транспартныя сродкі на спецыяльныя парковачныя пляцоўкі і плаціць за гэта.

Аднак пасля таго, як на мінулым тыдні ўрад Літвы адкрыў мяжу, літоўскія фуры па-ранейшаму стаяць на мяжы з Беларуссю, у сувязі з чым Міністэрства замежных спраў уручыла ноту пратэсту прадстаўніку пасольства Беларусі ў Літве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула