БЕЛ Ł РУС

Як у Брэсце адкрывалі таблічку з QR-кодам — з чыноўнікамі, святаром і школьнікамі ў стойцы «зважай!»

3.12.2025 / 10:47

Nashaniva.com

У Брэсце ў рамках праекта «Лічбавая зорка» адкрылі чарговую таблічку з QR-кодам. Гэтым разам — пад мемарыяльнай дошкай маршала СССР Георгія Жукава, што на ўваходзе ў гімназію №6 у Паўднёвым мікрараёне, піша BGmedia. 

Школьнікаў прымусілі стаяць па стойцы «зважай!» падчас адкрыцця таблічкі

Звычайнай устаноўкі таблічкі з QR-кодам было мала, таму з гэтага зрабілі паказушнае мерапрыемства, назваўшы яго памятным. У ім паўдзельнічалі чыноўнікі і, мяркуючы па фотаздымках, мясцовы святар. Навошта ён там патрэбны, невядома.

А навучэнцаў гімназіі вывелі на вуліцу і пастроілі ў рад. Дзве вучаніцы і ўвогуле стаялі пад таблічкай па стойцы «зважай!». Відаць, ахоўвалі.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Ала Ульяніцкая заявіла падчас гэтай падзеі, што «захаванне гістарычнай памяці з'яўляецца адной з асноў духоўных і культурных традыцый беларускага народа, якая забяспечвае неразрыўную сувязь паміж мінулым і сучаснасцю на шляху міру і стварэння».

У нармальнай практыцы такія таблічкі ўсталёўваюцца спакойна і без лішняга шуму. Гэта зручны спосаб даведацца больш інфармацыі пра чалавека ці нейкую падзею. Але ў ідэалагічным парадку дня нават таблічка становіцца падставай для пратакольнага рытуалу.

Таму што трэба нешта адкрыць. І недзе даць справаздачу.

Брэстчане, якія ўбачылі ў сацсетках гэту навіну і фотаздымкі, не маглі стрымацца.

«Штосьці я спачатку падумаў, што мемарыяльную дошку новую павесілі. А тут, аказваецца, усяго толькі таблічку з QR-кодам знізу прыкруцілі да сцяны».

«Урачыстае адкрыццё таблічкі? Урачыстае? Сур'ёзна?»

Што за праект «Лічбавая зорка»

«Лічбавая зорка» — гэта праект БРСМ па алічбаванні памятных месцаў як на тэрыторыі Беларусі, так і па ўсім свеце, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

Паводле задумы ўладаў, праект накіраваны на «фарміраванне духоўна-маральных, грамадзянскіх якасцяў асобы, на развіццё цікавасці і павагі да помнікаў баявой славы, якія ўвекавечылі трагічныя і гераічныя падзеі мінулага».

Знакавым месцам прысвойваюць QR-код, праз які можна перайсці на сайт праекта з інфармацыяй пра падзеі, што там адбываліся. Натуральна, з пункту гледжання цяперашніх уладаў.

Вядома, што да 3 траўня 2024 года ў Брэсце адкрылі 15 такіх таблічак з QR-кодамі. А з тых часоў прайшло паўтара года. Можна ўявіць, колькі за гэты час адкрылі яшчэ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула