Як па-рознаму выглядаў Стыў Уіткаф на сустрэчах з Пуціным і з украінцамі
Журналіст выдання Financial Times Крыстафер Мілер звярнуў увагу на рэзкі кантраст у знешнім выглядзе і паводзінах Стыва Уіткафа, спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, падчас ягоных перамоваў з украінскай дэлегацыяй і расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным.
Сваё параўнанне Мілер апублікаваў у сацыяльнай сетцы X.
«Стыў Уіткаф, які сядзіць насупраць украінцаў у Маямі: няголены і неахайны. Сур'ёзны, пазбягае зрокавага кантакту і не ўсміхаецца. Стыў Уіткаф, які сядзіць насупраць Пуціна: усміхаецца, чыста паголены, уважлівы. Ён кажа, што ў яго быў «цудоўны шпацыр» па Маскве, якую ён назваў Пуціну «цудоўным горадам», — піша Мілер.
На сустрэчы з украінскай дэлегацыяй, 30 лістапада. Фота: AP Photo / Terry Renna
Спецпрадстаўнік Трампа Стыў Уіткаф і зяць Дональда Трампа Джарэд Кушнер наведалі Маскву для абмеркавання плану заканчэння вайны ва Украіне. Перамовы з Пуціным у Крамлі доўжыліся пяць гадзін, аднак па іх выніках стала вядома, што кампраміснага варыянту ўрэгулявання пакуль не знойдзена.
На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, 2 снежня. Фота: Kristina Kormilitsyna, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Пасля гэтага візіту запланаваная сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з прадстаўнікамі Дональда Трампа ў Бруселі была нечакана скасаваная.